Суд над праваабаронцамі, вырак прадстаўнікам прафсаюзаў. Хроніка пераследу за 5 студзеня

Улады Беларусі працягваюць рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны. Штодня ў судах агучваюцца палітычна матываваныя выракі, а сілавікі затрымліваюць і збіваюць людзей. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу за 5 студзеня.

5 студзеня ў судзе Ленінскага раёну сталіцы пачалі судзіць старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» і нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча і сябра рады ПЦ «Вясна» Змітра Салаўёва, якога судзяць дыстанцыйна. Працэс адкрыты. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік.

Палітычныя вязні за кратамі з 14 ліпеня 2021 года. Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Суд у справе супраць праваабарончага цэнтру «Вясна». На здымку (злева направа) – Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Менск, Беларусь. 5 студзеня 2023 года. Фота: belta.by

Актывісты беларускіх незалежных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч і Васіль Бераснеў атрымалі па 9 гадоў калоніі, Вацлаў Арэшка – 8. Такі вырак агучыла суддзя Менскага гарадскога суда Алена Папкова. Яна палічыла даказанай іхную віну ў закліках да санкцыяў, распальванні варожасці і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

Усе трое прызнаныя палітвязнямі. Іх затрымалі 19 красавіка летась.

Генадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў і Вацлаў Арэшка. Крыніца: prisoners.spring96.org

Сілавікі схапілі жыхара Салігорску, які прапаноўваў «вешаць ябацек на слупах». Мужчына ў «пакаянным» відэа кажа, што браў удзел у чат-рулетцы, дзе «абражаў супрацоўнікаў міліцыі» і «хацеў вешаць на слупах», просіць прабачэння ў «патрыётаў краіны».

Салігарчаніна затрымалі пасля правакацыі аўтара YouTube-каналу «Бела Рос». Аўтар гэтага рэсурсу назваўся жыхаром Харкава і правакаваў мужчыну. Такім чынам ён зрабіў ужо не першы раз.

У Горадні сілавікі схапілі 34-гадовага Андрэя Цярэшку. Падставаю для затрымання сталася тое, што нібыта гарадзенец  далучыўся да плану «Перамога», быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і ў 2020 годзе адпраўляў інфармацыю ў чат-бот «Nexta».

У Менску міліцыянты затрымалі 28-гадовага Паўла Кутаса. Мужчына працаваў у кампаніі «EnCata» з Менскага гарадскога тэхнапарку. Што сталася прычынаю затрымання, пакуль не вядома, верагодна, затрыманне звязанае з каментарамі ў сацыяльных сетках.

Таксама не вядома, за што схапілі актора тэатральна-музычнага калектыву «Гузікі» («Пуговицы») Андрэя Трызубава. Дзе цяпер 52-гадовы актор, таксама невядома.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне святара Дыянісія Карасцялёва, які ў менскай святыні іконы Божай Маці «Усіх тужліўцаў радасць» маліўся за воінаў і абаронцаў Украіны.

Байцы ГУБАЗіКу паведамляюць, што нібыта святар «мае нацыяналістычныя татуяванні, распаўсюджвае бел-чырвона-белую сімволіку і адпаведныя ідэі, а таксама гуляе ў камп’ютарныя гульні пад дзіўным нікам» (PICAPS MachoBY).

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны