Міністр абароны Ізраілю прапанаваў «план чатырох кутоў» наконт будучыні сектару Газа

Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт распавёў пра сваё бачанне будучыні сектару Газа: пасля заканчэння вайны замест «Хамасу» кіраваць анклавам на пэўных умовах будзе палестынскае кіраўніцтва, а кантроль над бяспекай у сектары мае ажыццяўляць Ізраіль. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Жаўнеры Цагаль у сектары Газа. Фота: idfonline / X

Працоўная назва прапанаванага плана – «план чатырох кутоў».

«Жыхары Газы – палестынцы, таму адказнасць за кіраванне ляжа на палестынскія органы, але пры ўмове поўнай адмовы ад гвалту і пагроз у адрас дзяржавы Ізраіль», – сказаў Галянт.

Згодна з планам, сектар Газа, які моцна разбураны ў выніку баявых дзеянняў, будзе адбудаваны сумеснымі намаганнямі Ізраілю і міжнародных партнёраў. Таксама ў дакуменце прапісана, што асаблівая роля ў далейшым жыцці сектара Газа будзе адведзена Егіпту, але падрабязнасці гэтага пункта пакуль невядомыя.

Прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу пакуль не каментаваў прапанову міністра абароны. Дэталёвае абмеркаванне планавалася правесці ў пятніцу на нарадзе кабінета міністраў, але паседжанне прыйшлося спыніць з-за спрэчак, якія разгарэліся па іншым пытанні – наконт расследавання абставінаў нападу «Хамасу» 7 кастрычніка.

Будучы статус сектару Газа – гэта адно з найбольш вострых пытанняў як для самога Ізраілю, так і для міжнароднай супольнасці. Яшчэ перад пачаткам наземнай аперацыі медыі звярталі ўвагу на тое, што ў кіраўніцтва Ізраілю няма разумення, хто замест «Хамасу» будзе кіраваць гэтай тэрыторыяй пасля завяршэння вайны. Гэтая нявызначанасць вельмі непакоіць у тым ліку галоўнага саюзніка Ізраілю – Злучаныя Штаты.

Як зазначае Бі-Бі-Сі, «план чатырох кутоў» Галянта выглядае ўмеранымі і здзяйсняльным, і, магчыма, атрымае ўхвалу ізраільскай большасці, але, хутчэй за ўсё, будзе адпрэчаны палестынскім бокам. Лідар Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас не раз заяўляў, што палестынскія тэрыторыі павінны знаходзіцца пад поўным кантролем палестынскіх уладаў, уключаючы сферу бяспекі.

«Канец не блізкі», а напружанасць расце. Што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамасу»

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны