Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы хадайнічаў аб тым, каб школьніц, супраць якіх распачалі крымінальную справу за падпал папяровай іконы каля Кафедральнага сабору ў Менску, не прыцягвалі да крымінальнай адказнасці, піша «БелТА». Раней паведамлялася, што ён асабіста настойваў, каб відэа здарэння перадалі следчым.
Як сцвярджаюць сілавікі, 28 студзеня каля сабору Святога Духу дзве 15-гадовыя школьніцы падпалілі папяровую ікону, здымалі свае дзеянні на фота і відэа. Вучаніц 10 класу затрымалі, выявіўшы іх па запісах з камераў назірання.
Супраць іх распачалі крымінальную справу за «Злоснае хуліганства» (ч.2 арт.339 КК РБ). Паводле гэтай часткі артыкулу прадугледжаныя пакаранні да 3 гадоў абмежавання волі або ад 1 да 6 гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная адказнасць паводле гэтага артыкулу наступае з узросту ў 14 гадоў.
Мітрапаліт Веньямін (Віталь Тупека), як сцвярджаецца, сустрэўся з бацькамі затрыманых школьніц і хадайнічаў, каб іх не прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. Аднак «Хрысціянская візія» (рабочая група Каардынацыйнай рады ў справах хрысціянства) сцвярджала, што якраз ён асабіста патрабаваў перадаць відэа з камераў назірання ў Следчы камітэт.
Прадстаўнік БПЦ Ігар Васько ў каментары «БелТА» адзначаў, што ўчынак дзяўчын «ніяк не можа нашкодзіць Богу ці Божай Маці».
Алесь Наваборскі belsat.eu