Не ўсё было кепска. Добрыя навіны за тыдзень – вашай увазе

Цяпер у медыях мала нагоды для радасці, але мы што тыдзень упарта шукаем для вас добрыя навіны, якія, магчыма, змогуць натхніць вас на добрыя ўчынкі.

Можа з’явіцца Netflix па-беларуску. Гэта залежыць ад нас

Офіс Святланы Ціханоўскай спрабуе дамовіцца з Netflix, каб дадаць беларускія субцітры да фільмаў і мульцікаў.

Пра гэта яе дарадца Франак Вячорка распавёў у інтэрв’ю літоўскаму СМІ.

«Працу трэба весці і з тэхналагічнымі кампаніямі. Напрыклад, Google не прызнае існавання беларускай мовы. СМІ, якія працуюць на беларускай, не могуць размяшчаць на ёй рэкламу. Такія кампаніі сваёй лянотай штурхаюць нас у «русский мир». Дзесяць мільёнаў чалавек для іх не прыярытэт, рынак невялікі, і таму яны пазбаўляюць беларусаў права мець доступ да беларускіх прадуктаў. Гэтую працу мы робім ужо цяпер, але без дзяржаўнай падтрымкі яна не будзе сістэмнай», – распавёў Франак.

Але вы ж чытаеце добрыя навіны, а значыць – выйсце есць! У студзені беларус напісаў у Netflix і папрасіў дадаць інтэрфэйс на беларускай мове і беларускія субцітры да кантэнту. Запыт з нагоды інтэрфейсу ў кампаніі паабяцалі перадаць кіраўніцтву, а наконт субцітраў прапанавалі запоўніць форму. Папрасіць беларускія субцітры да канкрэтных фільмаў ці серыялаў у Netflix можа кожны, у каго ёсць уліковы запіс. Трэба запоўніць адмысловую форму на старонцы.

Японія знайшла ў сябе 7000 астравоў, аб існаванні якіх не ведала

Японія пералічыла свае астравы, іх аказалася 14125, а гэта больш як удвая перавышае лік 6852, афіцыйна агучаны ў 1987 годзе.

Японскія астравы, від з гары Сіудэ (Shiude) ў Мітоё (Mitoyo). Крыніца: cnn.com

Гэта адбылося дзякуючы лічбаваму картаграфаванню. Новы лік адлюстроўвае дасягненні ў дэталізацыі мапаў, але не змяняе агульнай плошчы зямлі, якая застаецца ў валоданні Японіі. Падлічылі ўсе натуральныя надзелы сушы, не меншыя за 100 метраў. 

Хірург пабег па орган, каб выратаваць пацыента

Кіроўца у Філадэльфіі перавозіў пячонку для аперацыі ды трапіў у затор з прычыны паўмарафону, які праходзіў у гэты дзень у Філадэльфіі. Адзеты ў красоўкі і шпітальную форму, хірург-трансплантолаг Эдам Бодзін (Adam Bodzin) пабег сам, каб забраць упакаваную ў лёд пячонку.

Хірург-трансплантолаг Эдам Бодзін (Adam Bodzin), які пабег па пячонку, каб выратаваць пацыента. Крыніца: inquirer.com

Аперацыя прайшла добра, і праз тры месяцы пацыент ачуняў.

Ратавальнікі ў Запарожжы выратавалі котку, якая трое содняў была пад руінамі

Котку клічуць Ліза. Пасля атакі расейцаў на Запарожжа дом Лізы разбурыўся. Котку выратавалі, цяпер яна з гаспадаром.

Напрыканцы паглядзіце на спрытную авечку

На ферме ў Брытаніі ўвесь час збягалі авечкі. Работнікі паставілі камеры відэаназірання, каб зразумець, як у жывёл гэта атрымліваецца і знялі вось такое відэа. Самае дзіўнае, што авечка дадумалася адцягваць браму на сябе.

Аліса Ганчар belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны