Экспарт абваліўся, а ў імпарце з’явілася анамалія. Пра што кажа гандаль Беларусі і Польшчы

Беларускі экспарт у Польшчы вельмі моцна абваліўся ў 2023 годзе. Перадусім з прычыны санкцыяў, якія моцна скарацілі пастаўкі цэлых групаў тавараў, якія раней былі лідарамі ў беларускім гандлі. Пры гэтым вельмі вырас імпарт у Беларусь аўтамабіляў. Аднак апошняе наўрад ці надоўга. І ў 2024 годзе варта рыхтавацца да зніжэння і экспарту, і імпарту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Віталь Гіль / 1prof.by

Экспарт сціснуўся ў разы

Паводле Еўрастату, у 2023 годзе экспарт Беларусі ў Польшчу – самы нізкі за апошнія пяць гадоў: € 438 млн. У параўнанні з 2019–2022 гадамі пастаўкі знізіліся прыкладна ў 2-3 разы ў залежнасці ад года. Напрыклад, экспарт у 2022-м склаў € 1 млрд, а ў 2019-м – € 1,17 млрд.

Структура экспарту змянілася з пачаткам поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Да 2022 года Беларусь больш за ўсё пастаўляла ў Польшчу:

  • мінеральнае паліва, мінеральныя алівы і прадукты іх перагону; бітумінозныя рэчывы; мінеральныя воскі;
  • драўніну і вырабы з яе; драўняны вугаль;
  • угнаенні;
  • мэблю;
  • жалеза і сталь.

Калі ў 2019–2021 гадах названыя пазіцыі займалі 60–70 % у агульнай долі экспарту ў Польшчу, то ў 2022-м – 48 %, а ў 2023-м – 22 %.

У першай пазіцыі пастаўкі скараціліся амаль утрая ў 2020–2021 гадах у параўнанні з 2019-м. У 2023-м экспарт практычна зусім растаў – € 6,6 млн супраць € 293 млн у 2019-м.

На беларускую драўніну накладзеныя санкцыі ЕЗ. Калі ў папярэднія гады экспарт у гэтай пазіцыі складаў € 200–350 млн, то за 2023-і – крыху больш за € 15 тыс.

Ва ўгнаеннях таксама назіраецца спад. У 2023 годзе Беларусь экспартавала іх у Польшчу на € 23,1 млн, што ў сем разоў менш, чымся ў 2019-м і амаль у пяць разоў менш, чымся ў 2022-м.

Жалеза і сталь зусім не паступалі ў Польшчу ў 2023 годзе праз санкцыі.

Мэбля перамясцілася на першы радок экспарту беларускіх тавараў у Польшчу. У 2023 годзе яе экспартавалі на € 68 млн. Гэта ўсяго на € 3 млн менш, чымся ў 2019-м, але на € 27 млн менш, чымся ў 2022-м.

Акрамя мэблі, летась у лідары ў экспарце выйшлі шкло і шкляны посуд. Экспарт у гэтай пазіцыі расце штогод. З 2019-га ён павялічыўся больш як удвая (з € 23,1 млн да € 51,7 млн).

Пластмасы і вырабы з іх – звычайна гэтая група таксама не была адною з самых буйных, а аб’ёмы паставак вагаюцца кожны год. У 2023-м было зніжэнне з € 58 млн у 2022-м да € 43 млн.

Рэшткі і адходы харчовай прамысловасці; гатовы корм жывёле. Тут назіраюцца ваганні паставак ад года да года, аднак ёсць трэнд на іх павелічэнне. З 2019-га да 2023-га яны выраслі амаль у 4 разы (з € 8,5 млн да € 33,6 млн).

Папера і кардон; вырабы з папяровай масы, паперы або кардона. У гэтай групе таксама назіраецца паступовы рост з 2019 года. Да 2023-га экспарт вырас удвая (з € 14,8 млн да € 29,3 млн).

Санкцыі паўплывалі на гандаль

Настасся Лузгіна, экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, падкрэсліла ў размове з «Белсатам», што на зніжэнне беларускага экспарту ў Польшчу моцна паўплывалі санкцыі. Менавіта праз іх адбылося скарачэнне экспарту мінеральнага паліва, прадуктаў іх перагону, бітумных рэчываў, прадукцыі дрэваапрацавання, угнаенняў. Пры гэтым непадсанкцыйныя тавары працягвалі пастаўляцца ў Польшчу, нават нягледзячы на цяжкасці з абмежаванаю прапускною здольнасцю межаў.

Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна. Варшава, Польшча. 17 лютага 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Эканамістка адзначыла, што беларуская прадукцыя таксама можа абыходзіць заходнія санкцыі (раней была інфармацыя, што Беларусь пастаўляла ў Еўразвяз праз Казахстан і Кыргызстан сваю драўніну). Але гэта ў любым разе звязана з дадатковымі выдаткамі.

«Таму ў экспарце адбываецца пераарыентацыя на іншыя краіны. Шукаюць шляхі транспартавання калійных угнаенняў у Кітай, у іншыя краіны Азіі. Што і назіраецца», – падкрэсліла эканамістка.

Бум імпарту

Імпарт з Польшчы, наадварот, стаўся самым вялікім за апошнія пяць гадоў. У 2022-м ён склаў € 1,82 млрд. У папярэднія гады было на € 100–200 млн менш. А ў 2023-м імпарт вырас да € 2,73 млрд.

Структура імпарту ў самых буйных пазіцыях змянілася не моцна, за выключэннем адной анамаліі. З 2022 года Беларусь рэзка стала закупляць у Польшчы транспартавыя сродкі, акрамя чыгуначнага або трамвайнага рухомага саставу, а таксама іх часткі і прылады. Калі ў 2019–2021 гадах сумы паставак не даходзілі нават да € 100 млн, то ў 2022-м ужо склалі € 321 млн, а ў 2023-м – € 931 млн.

На другое месца ў суме закупаў перамясціліся ядравыя рэактары, катлы, машыны і механічныя прылады; іх часткі. Іх даставілі ў 2023 годзе на € 218 млн, што на € 30–40 млн менш, чымся ў 2019–2021 гадах. Вялікі спад быў у 2022-м. Тады іх закупілі толькі на € 161 млн.

Беларусь павялічвае закуп пластмасаў і вырабаў з іх. Калі ў 2019 годзе іх набылі на € 133,1 млн, то ў 2023-м – на € 202,5 млн. Вялікі скачок адбыўся ў 2023-м – закупы выраслі на 20 % у параўнанні з 2022-м.

Электрычных машынаў і абсталявання, іх частак Беларусь купіла ў 2023 годзе на € 140 млн. Гэта на € 36 млн больш, чымся ў 2022-м, аднак менш за аб’ёмы 2020–2021 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Пятаю паводле велічыні сталася пазіцыя «дубільныя або фарбавальныя экстракты; тканіны і іх вытворныя; фарбавальнікі, пігменты і іншыя фарбавальныя рэчывы; фарбы і лакі; шпаклёўкі і іншыя масцікі; атрамант», выцесніўшы арэхі і садавіну. Моцны рост паставак пачаўся ў 2022 годзе. Тады яны выраслі ўдвая, да € 89,2 млн, а ў 2023-м сталіся яшчэ большыя – да € 116,8 млн.

Надзвычайны рост імпарту Настасся Лузгіна звязвае з актыўным набыццём заходніх машынаў у Польшчы, што летась склала амаль мільярд долараў:

«Хутчэй за ўсё, ідзе экспарт праз Беларусь у Расею. У Расеі шмат заводаў еўрапейскіх канцэрнаў зачынілася. Ну і, адпаведна, цалкам магчыма, што ідзе плынь тых, хто хоча купіць еўрапейскі аўтамабіль. Яна ідзе наўпрост праз Беларусь у Расею».

Таксама, паводле эканамісткі, беларусы, якія раней набывалі еўрапейскія аўтамабілі, але расейскага збору, цяпер такой магчымасці не маюць і купляюць іх беспасярэдне ў Еўропе.

У астатніх пазіцыях, заўважыла Лузгіна, істотных зрухаў не адбылося.

Расейцы кінуліся ў Беларусь скупляць танныя аўтамабілі, пакуль яшчэ ёсць час

А што будзе сёлета?

У 2024 годзе, на думку Настассі Лузгіной, імпарт машынаў можа зменшыцца, бо цяпер адбываецца перабудова і расейскага, і беларускага аўтамабільных рынкаў. І летась асноўную частку продажаў на беларускім рынку занялі кітайскія аўтамабілі. У Расеі канкурэнцыю кітайскім аўтам склалі машыны мясцовай вытворчасці:

«І я думаю, што тыя ж кітайцы будуць яшчэ больш актыўна асвойваць і расейскі рынак, і беларускі. І таму іх доля і колькасць набытых машынаў за кошт гэтага павялічыцца».

Экспертка адзначыла, што кітайскія машыны таннейшыя за еўрапейскія. Да таго ж у Беларусі адносна «Geely» дзеюць адмысловыя крэдытныя праграмы, «межы ў нас не адкрываюцца, наадварот, закрываюцца, то бок каналы транспартавання скарачаюцца». А гэта таксама можа паўплываць на зніжэнне імпарту.

Чакае эканамістка і далейшага скарачэння беларускага экспарту. Магчыма, у нейкіх пазіцыях можа адбыцца пэўны рост, але «гэта не будзе значнае павелічэнне, бо ў цэлым беларускія вытворцы перабудоўваюцца на ўсходні кірунак, найперш на Расею».

Таксама, падкрэсліла Лузгіна, застаецца магчымасць увядзення новых санкцыяў у дачыненні беларускіх тавараў, змяншэння колькасці памежных пераходаў, што таксама ўплывае на гандаль, або нават поўнага закрыцця межаў. Такі варыянт таксама нельга выключаць, заключыла суразмоўца.

Чаму польскія фермеры не перакрылі мяжу з Беларуссю і колькі Польшча купляе беларускага збожжа?

Макар Мыш, Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны