Аблава ў Гомлі і суд на Андрэем Дзмітрыевым: хроніка рэпрэсіяў у Беларусі 5 красавіка

Кароткі агляд рэпрэсіяў у дачыненні беларусаў, што адбыліся ў сераду, 5 красавіка, а таксама ранейшых выпадкаў палітычна матываванага пераследу, пра якія стала вядома толькі цяпер.

5 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску распачаўся суд над сустаршынём «Гавары праўду» і кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года Андрэем Дзмітрыевым. Палітыка абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК РБ). Пракурор запытаў для Дзмітрыева два гады пазбаўлення волі. Прысуд будзе агучаны 6 красавіка.

Пракурор запытаў для Андрэя Дзмітрыева два гады пазбаўлення волі

Стала вядома, што 27 студзеня да 5 гадоў пазбаўлення волі асудзілі супрацоўніка «Белагра» Арцёма Зубракова. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы»), ч. 3 арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра асабістае жыццё і персанальныя дадзеныя»). Справу ў закрытым рэжыме разгледзела суддзя Алена Бачышча.

Арцём Зубракоў. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Арцём быў затрыманы напрыканцы верасня 2022 году разам з калегамі. На пакаяльным відэа Зубракоў адзначаў, што яго затрымалі за падпіскі на «забароненыя» тэлеграм-каналы і перасылку «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Стала вядома, што 6 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску асудзілі рэдактарку БТ Кацярыну Броўку паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Марына Клімчук прызначыла Кацярыне тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

З фільму, які выйшаў на АНТ, стала вядома пра некаторых затрыманых, якіх абвінавачваюць у тэрарызме, бо яны нібыта дапамаглі Мікалаю Швецу здзейсніць дыверсію ў Мачулішчах. Адзін з абвінавачаных – Максім Лапацін, які падвёз Швеца са Століна на Лагойскую трасу. Затрыманая таксама жонка Лапаціна.

Ларыса Кучынская. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Ларысу Кучынскую, у якой «дыверсант» Швец афіцыйна здымаў кватэру, таксама абвінавачваюць у тэрарызме. Знайсці кватэру дапамог Андрэй Сцяпурка. Абодва затрыманыя і прызнаныя вінаватымі па справе аб тэракце.

Стала вядома, што яшчэ напрыканцы студзеня затрымалі таксіста з Гомля, бацьку двух няпоўнагадовых дзяцей Рамана Арцёменку. Мужчына знаходзіцца ў гомельскім СІЗА.

У Беларусі +17 новых палітвязняў

5 красавіка былі прызнаныя палітвязнямі 17 чалавек, асуджаных за абразу Лукашэнкі, дзяржаўных супрацоўнікаў, міліцыянтаў і суддзяў, а таксама за знявагу над дзяржаўнымі сімваламі.

Адвакат Арцём Сям’янаў. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Адваката Арцёма Сям’янава зноў арыштавалі на 15 содняў. Як і мінулы раз, яго абвінавацілі паводле арт.24.3КоАП РБ («Непадпарадкаванне міліцыянту»). Сям’янава павінны былі вызваліць з Акрэсціна 4 красавіка раніцай, але перазатрымалі наўпрост у ЦІПе ў межах новай справы. 5 красавіка над адвакатам адбыўся чарговы суд.

Яўгена Лівянта падазраюць у нясплаце падаткаў

Па выніках праверкі рэпетытарскіх цэнтраў «100 балаў» распачата 6 крымінальных справаў. Заснавальнікаў цэнтру Яўгена Лівянта і Аляксея Іванова абвінавацілі ва ўхіленні ад аплаты падаткаў. Яўген Лівянт, яго жонка Юлія, старэйшая дачка Ганна, зяць Мікіта Драздоў і саўладальнік цэнтру Аляксей Іваноў знаходзяцца за кратамі, іх вінавацяць паводле «народнага» арт. 342 КК.

У Гомлі прайшлі новыя затрыманні, узялі «па наводцы»

У Гомлі прайшлі чарговыя масавыя затрыманні, «узялі» як мінімум 8 чалавек. Паводле інфармацыі ў праўладных каналах, да кожнага прыходзілі з-за таго, што яны займаліся «дзейнасцю пратэснага характару».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны