Ізраіль рыхтуецца да нападу Ірану. Ці можа распачацца поўнамаштабная вайна?

Пасля авіяўдару па будынку консульства Ірану ў Дамаску Ізраіль пачаў рыхтавацца да магчымага ваеннага адказу Тэгерану. Якімі будуць форма і маштабы гэтага адказу – пытанне адкрытае. Аднак новы віток эскалацыі ў рэгіёне цяпер амаль непазбежны. Belsat.eu разбіраўся, як можа выглядаць супрацьстаянне Ізраілю і Ірану.

Ратавальнікі разбіраюць завалы будынку ля амбасады Ірану праз дзень пасля авіяўдару ў Дамаску, Сірыя. 2 красавіка 2024 года. Фота: Louai Beshara / AFP / East News

Іран абяцае адпомсціць

1 красавіка быў нанесены авіяўдар па будынку консульства Ірану ў Дамаску. У выніку загінулі сямёра чальцоў іранскага Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КСІР), у тым ліку высокапастаўлены брыгадны генерал Махамад Рэза Захедзі і яго намеснік, генерал Махамад Хадзі Хаджы Рахімі. Агулам ахвярамі атакі сталі 13 чалавек.

Ізраіль афіцыйна не ўзяў на сябе адказнасць за авіяўдар, аднак ні ў каго няма сумневаў у тым, што гэта праца Цагаль. Вядома, што афіцэры КСІР каардынуюць дзейнасць праіранскіх узброеных фармаванняў у рэгіёне, якія ваююць з Ізраілем. Паводле крыніцаў Reuters, забітыя ў Дамаску генералы «стаялі за шматлікімі нападамі на ізраільскія і амерыканскія аб’екты і планавалі новыя напады».

Ліквідацыі ворагаў Ізраілю за мяжою – практыка даўняя і вельмі распаўсюджаная. У тым ліку падобныя акцыі мела месца пасля пачатку вайны ў сектары Газа. Напрыклад, 25 снежня ў выніку ізраільскага авіяўдару каля Дамаску быў забіты генерал КСІР Саед Рэза Мусаві. Аднак цяпер сітуацыя выключная: удар быў нанесены па дыпламатычнаму прадстаўніцтву, а ахвяры сярод найвышэйшых афіцэраў КСІР аказаліся вельмі сур’ёзнымі. Гібель Захедзі – гэта хіба што самая значная страта для Ірану з 2020 году, калі амерыканцы ліквідавалі камандуючага спецпадраздзялення «Аль-Кудс» Касэма Сулеймані.

Калі дзёрзкая атака ў Дамаску застанецца без адказу, то аўтарытэт Ірану ў рэгіёне будзе падарваны. Таму новы віток эскалацыі пасля гэта выглядае амаль непазбежным. Тэгеран публічна паабяцаў пакараць Ізраіль.

Паводле медыяў, 3 красавіка амерыканская выведка папярэдзіла Ізраіль, што нападу з боку Ірану можна чакаць цягам 48 гадзінаў. Цагаль пачаў набор рэзервістаў супрацьпаветранай абароны, адпачынкі для вайскоўцаў былі скасаваныя. У цэнтральных раёнах краіны ўлады блакуюць GPS і іншыя сістэмы навігацыі, каб у выпадку паветранай атакі іранскія ракеты і дроны збіліся з курсу. Міністр абароны Ёаў Галянт ініцыяваў тылавыя вучэнні ў раёне гораду Хайфа.

«Мы павінны быць гатовыя да любога сцэнара і любой пагрозы – як супраць блізкіх, так і супраць далёкіх ворагаў», – заявіў ён.

У абарону Ізраілю выступілі Злучаныя Штаты. «Прэзідэнт Байдэн ясна даў зразумець, што ЗША рашуча падтрымліваюць Ізраіль перад тварам гэтых пагрозаў», – сказана ў паведамленні Белага дому па выніках тэлефонных перамоваў з прэм’ер-міністрам Бэньямінам Нэтаньягу.

На што здольны Іран

Іран – гэта самы сур’ёзны праціўнік Ізраілю на Блізкім Усходзе. Насельніцтва краіны складае больш за 87 млн чалавек, у арміі служаць каля 610 тысяч чалавек, плюс 350 тысяч знаходзяцца ў рэзерве і 220 тысяч у парамілітарных фармаваннях. У іранскага войска ёсць амаль 2 тысячы танкаў, звыш 2 тысячаў гарматаў, 775 РСЗА і больш за 550 вайсковых самалётаў. У рэйтынгу «Global Firepower» Іран па сукупнай баявой магутнасці займае 14-е месца ў свеце, абыходзячы на тры пазіцыі Ізраіль.

Аднак гэтыя лічбы не даюць адэкватнага разумення суадносінах сілаў. Ізраіль выдаткоўвае на абарону ў 1,5 раз болей сродкаў і тэхналагічна пераўзыходзіць свайго праціўніка. Ядравая праграма Ірану далёкая ад завяршэння, а Ізраіль мае ядравую зброю, імаверна, яшчэ з 70-х гадоў, хоць афіцыйна гэта і не прызнае. Што тычыцца сотняў тысяч жаўнераў і тысячы адзінак састарэлай бранятэхнікі, то Ірану выкарыстоўваць іх проста няма дзе – у двух краінаў адсутнічае агульная мяжа.

Дэманстранты спальваюць ізраільскі сцяг падчас пахавання сямі чальцоў іранскага Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КСІР), забітых у выніку ўдару ў Сірыі, у якім Іран абвінаваціў Ізраіль. Тэгеран, Іран. 5 красавіка 2024 года. Фота: Atta Kenare / AFP / East News

Разам з тым, у Тэгерану досыць вялікі выбар варыянтаў адказу на дзеянні Ізраілю.

1) Масаваны паветраны ўдар па Ізраілю, які будзе дэманстратыўна нанесены з тэрыторыі Ірану. Такі варыянт выглядае пакуль найбольш верагодна. Па-першае, на гэта ўказваюць словы вярхоўнага лідара Ірану Алі Хамэнэі, які паабяцаў, што Ізраіль будзе пакараны «рукамі нашых адважных людзей». Па-другое, консульства ў Дамаску – гэта фармальна суверэнная тэрыторыя Ірану, таму будзе лагічна калі іранцы адкажуць самі, а не будуць перакладаць гэтую працу на свае проксі-фармаванні.

Паводле «Al Mayadeen», Іран плануе камбінаваную атаку з «дажджом» беспілотнікаў і ракетаў са сваіх базаў. Выданне «Axios» са спасылкай на дадзеныя ізраільскай выведкі таксама паведамляе, што іранцы могуць выкарыстаць крылатыя і балістычныя ракеты вялікай далёкасці, а таксама дроны.

2) Удар праз так званую «вось супраціву» – неафіцыйны альянс праіранскіх груповак на тэрыторыі Лівану, Сірыі, Іраку, Емена і Палестыны. З іх найбольшым ваенным патэнцыялам валодае ліванская «Хізбула»: у групоўкі некалькі дзясяткаў тысячаў байцоў і вялікі арсенал ракетаў малой ды сярэдняй далёкасці.

Пра тое, што на ізраільска-ліванскай мяжы можа ўзнікнуць другі фронт размовы вядуцца фактычна з першага дня вайны паміж Ізраілем і «Хамасам». Аднак пакуль «Хізбула» абмяжоўвалася лакальным абстрэламі памежных раёнаў, а буйнамаштабных акцыяў не праводзіла.

У рамках іранскага адказу «Хізбула» можа ўчыніць масаваныя ракетныя атакі на ізраільскія гарады. Не выпадкова Цагаль праводзіць вучэнні менавіта ў раёне Хайфы – гэта самы буйны горад на поўначы Ізраілю і патэнцыйная мішэнь для атак баевікоў. Для Ізраілю гэта будзе сур’ёзным выклікам, але ў фармаце наземнай аперацыі «Хізбула» супрацьстаяць Цагаль не здолее, і ўсе гэта разумеюць.

«Мы не хочам вайны ў Ліване, і я вам кажу, што такая вайна будзе цяжкім выпрабаваннем для дзяржавы Ізраіль, але гэта будзе катастрофай для «Хізбулы» і Лівана», – заявіў міністр абароны Галянт.

3) Асіметрычны адказ. Ізраільскі вайсковы эксперт Давід Шарп у каментары «Вот так» выказаў меркаванне, што Тэгеран можа арганізаваць тэрарыстычныя атакі на ізраільцянаў па ўсім свеце або пачаць чыніць напады на суднаходства ў Індыйскім акіяне. Праўда, для гэтага неабходны час, а адказваць за дэманстратыўнае прыніжэнне неабходна, пакуль успаміны аб ім свежыя.

Эксперт Таль Павел з ізраільскага Інстытуту даследаванняў кіберпалітыкі ў інтэрв’ю Бі-Бі-Сі выказаў меркаванне, што Іран таксама можа правесці буйныя кібератакі і нанесці тэхналагічныя страты Ізраілю. Аднак такі адказ на авіяўдар у Дамаску будзе выглядаць несуразмерна слабым.

«Ястрабы» заклікаюць Байдэна бамбіць Іран. Ці варта чакаць вялікай вайны?

Майстры сімвалічных удараў

Нягледзячы на вельмі радыкальную рыторыку, кіраўніцтва Ірану, хутчэй за ўсё, будзе вельмі ўважліва вывяраць любыя дзеянні і пастараецца пазбегнуць уцягвання ў поўнамаштабную вайну з Ізраілем. Менавіта такі прагноз можна зрабіць, прааналізаваўшы палітыку Тэгерану апошняга часу.

Кіраўніцтва Ірану перыядычна заяўляла пра «чырвоныя лініі» і пагражала Ізраілю, але заўсёды старалася ўстрымлівацца ад рэзкай эскалацыі. Нават калі фармальная нагода для павышэння ставак была: напрыклад, пасля ліквідацыі генерала Мусаві і іншых афіцэраў Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі ў Дамаску. Тэгеран тады таксама абяцаў, што «сіянісцкі рэжым заплаціць за гэтае злачынства». Але па факце ўсё абмежавалася ўзмоцненым абстрэлам ізраільскага памежжа з боку «Хізбулы» і шэрагам удараў па аб’ектах курдаў у Іраку (Тэгеран абвесціў гэтыя аб’екты «ізраільскімі шпіёнскімі цэнтрамі»).

Вярхоўны лідар Ірану аятала Алі Хамэнэі ўдзельнічае ў працэсіі перад пахаваннем сямі чальцоў Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Тэгеран, Іран. 4 красавіка 2024 года. Фота: Parspix /  abacapress.com / East News

Ёсць і яшчэ больш паказальны прыклад. У 2020 годзе ў Багдадзе ў выніку амерыканскага авіяўдару быў забіты Касэм Сулеймані – адзін з найбольш уплывовых военачальнікаў у Іране. У адказ Іран нанёс удары па вайсковых аб’ектах ЗША ў Іраку, аднак яны былі арганізаваныя настолькі акуратна, што мелі мінімальныя наступствы – ніхто не загінуў і матэрыяльныя страты аказаліся нязначнымі. Такім чынам, бакі захавалі твар і далей па шляху ваеннай эскалацыі не пайшлі.

Аналітык па пытаннях Блізкага Усходу Алі Садрзадэ ў інтэрв’ю Бі-Бі-Сі зазначыў, што Іран – «майстар у правядзенні сімвалічных атак».

«Іран не здольны на вялікую канфрантацыю з Ізраілем, улічваючы яго ваенны патэнцыял, эканамічную і палітычную сітуацыю, – лічыць Алі Садрзадэ. – Але яму давядзецца прыдумаць адказ для ўнутранага спажывання і для абароны сваёй рэпутацыі сярод рэгіянальных саюзнікаў».

Аднак гэта не значыць, што рызыкі вялікай вайны не існуе.

Ці можа эскалацыя стаць бескантрольнай?

Ізраіль, як і Іран, не мае права выглядаць слабым. Нават калі іранскі ўдар па Ізраілю будзе не надта жорсткім, на гэтым нічога не скончыцца. Хутчэй за ўсё, Ізраіль нанясе свой удар у адказ, пра што ўжо папярэдзіў прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу.

«Мы будзем ведаць, як абараніць сябе, і будзем дзейнічаць паводле простага прынцыпу: мы прычынім шкоду тым, хто прычыніць нам шкоду ці плануе прычыніць нам шкоду», – заявіў ён.

Выхад на новы віток канфрантацыі небяспечны тым, што адзін з бакоў падчас абмену ўдарамі можа недаацэніць рэакцыю праціўніка і пралічыцца з магутнасцю адказу. Што ў сваю чаргу можа справакаваць бескантрольную эскалацыю і поўнамаштабную вайну.

Як піша The Washington Post, «у такім выбуханебяспечным асяроддзі верагоднасць памылак высокая», а рэгіён і так ужо знаходзіцца «ў адным праліку ад катастрофы».

Цярпенне заканчваецца, а вайна – не. Тлумачым, што адбываецца на Блізкім Усходзе

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны