У Сербіі адмовіліся ад ідэі вярнуць смяротнае пакаранне – каб не быць як Беларусь

Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч расказаў на прэс-канферэнцыі 5 траўня, што прапаноўваў прэм’ерцы і ўраду вярнуць смяротнае пакаранне ў сувязі з двума выпадкамі страляніны ў школах, расказвае сербскае выданне «Политика».

Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч. Бялград, Сербія. 3 траўня 2023 года. Фота: Vucic.rs

«Сёння раніцай я прапанаваў прэм’ер-міністарцы вярнуць смяротнае пакаранне, але яна і ўрад супраць гэтага, бо мы сталі б адзінымі разам з Беларуссю, хто ўжываў бы смяротнае пакаранне ў Еўропе, і мы не можам зрабіць гэтага адпаведна некаторым з гэтых разумных пагадненняў. Некалі я быў супраць смяротнага пакарання, я горка шкадую, што меў такую ​​палітычную пазіцыю», – расказаў Александар Вучыч.

Як заўважыла беларускае «Зеркало», дзяржаўнае беларускае выданне «СБ. Беларусь сегодня» прывяло цытату Вучыча, выразаўшы словы пра Беларусь.

3 траўня ў школе ў цэнтры Бялграду распачаў страляніну падлетак, якому яшчэ не споўнілася 14 гадоў. Ён выстраліў каля 20 разоў з двух пісталетаў, затым сам патэлефанаваў паліцыі і здаўся. У выніку загінулі дзевяць чалавек: ахоўнік і восем дзяцей. Яшчэ сем чалавек – настаўнік і шэсць дзяцей – параненыя, трое ў рэанімацыі. Гэта быў першы выпадак страляніны ў школе ў гісторыі Сербіі.

4 траўня падобная страляніна адбылася ў вёсцы пад Бялградам: 21-гадовы мужчына пасварыўся з некалькімі людзьмі, схадзіў дамоў па аўтамат, вярнуўся і пачаў страляніну, затым пайшоў у роднае сяло і працягнуў страляць там. Забітыя, паводле папярэдніх звестак, восем чалавек, параненыя яшчэ трынаццаць, сем у крытычным стане. Падазраванага затрымалі на наступны дзень.

Беларусь застаецца апошняй краінай Еўропы, якая ўжывае смяротнае пакаранне. Ад 25 сакавіка ўлады Беларусі дазволілі забіваць за «здраду дзяржаве».

«Здрада Лукашэнку, а не Беларусі». Новы закон уводзіць смяротнае пакаранне для чыноўнікаў

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны