У Сербіі хлопец адкрыў страляніну з аўтамабіля, ёсць загінулыя

У Сербіі маладзён адкрыў агонь з аўтамабіля, забіўшы не меней за 8 чалавек і параніўшы яшчэ 13 асобаў. Здарэнне адбылося непадалёк Бялграду позна ўвечары 4 траўня, паведамляе «The Associated Press».

Месца, дзе адбылася страляніна. Крыніца: cnn.com

Нападнік беспарадкава страляў у людзей каля гораду Младэнавац, які месціцца за 50 кіламетраў на поўдзень ад сталіцы Сербіі. Паводле інфармацыі CNN, нападнік быў у аўтамабілі з дзвюма іншымі асобамі і выйшаў, перш чым адкрыць агонь. Пасля аўтамабіль знік з месца здарэння. Паводле мясцовых СМІ, сярод забітых былі паліцыянт і ягоная сястра.

Цяпер паліцыя шукае 21-гадовага падазраванага, які збег пасля страляніны. Да аперацыі для затрымання падазраванага прыцягнутыя спецпадраздзяленні паліцыі, больш за 600 чалавек, і верталёты.

«Злачынец цяпер на ўцёках, усе даступныя патрулі былі адпраўленыя ў кірунку Младэнаваца», – паведаміў прадстаўнік паліцыі.

Міністр унутраных справаў Сербіі Братыслаў Гашыч назваў страляніну 4 траўня «тэрарыстычным актам».

Гэта стала другім масавым забойствам у Сербіі за апошнія два дні. Нагадаем, раніцай 3 траўня 14-гадовы хлопчык, выкарыстоўваючы зброю свайго бацькі, учыніў страляніну ў школе ў Бялградзе, у выніку якой загінулі 8 ягоных аднакласнікаў і школьны ахоўнік.

Урад Сербіі аб’явіў з пятніцы, 5 траўня, трохдзённую жалобу па ахвярах страляніны ў школе.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны