Беларусы за 4 дні сабралі грошы на пазадарожнік і дрон для добраахвотнікаў ва Украіне

Беларусы сабралі грошы на пазадарожнік і дрон для добраахвотнікаў ва Украіне. Збор ініцыявала прадстаўніца кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду» Юлія Гарачая (Камінская). За 4 дні ўдалося сабраць 1700 еўра, у той час як першапачатковая мэта была 1500 еўра, паведамляе прэс-служба кааліцыі.

Байцы падраздзялення беларускіх добраахвотнікаў «Танга-Рамэо». Фота: Аляксей «Оскар» Вайцяховіч / радыё «Свабода»

Сабраныя грошы пойдуць на пазадарожнік для выведвальнай групы 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна абароны Украіны. На астатнія сродкі прынята рашэнне набыць дрон.

«Вельмі важна падтрымліваць беларускіх добраахвотнікаў, якія са зброяй у руках дапамагаюць вызваляць Украіну і набліжаюць нас да вольнай і незалежнай Беларусі.

На жаль, вайна – цяжкі іспыт для кожнага. Беларускі добраахвотнік, які звяртаўся да нашай кааліцыянткі па дапамогу, пацярпеў падчас баёў. Учора ваяр атрымаў лёгкае раненне і цяпер у шпіталі. Мы зычым яму хутчэй папраўляцца і выказваем гонар за мужнасць і стойкасць у барацьбе за волю і незалежнасць!» – паведамілі ў кааліцыі.

Раней Павел Латушка і кіраўнік руху «За Свабоду!» Юрый Губарэвіч у сумесным відэазвароце заявілі пра ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду, якія адбудуцца ў канцы траўня. Да гэтай кааліцыі далучыліся таксама «іншыя грамадскія аб’яднанні, блогеры, дыпламаты, юрысты, адвакаты, дзеячы культуры, прадпрымальнікі».

Адна з першых задачаў кааліцыі – стварыць альтэрнатыву кіраванню Аляксандра Лукашэнкі.

«Таму што ён баіцца альтэрнатывы. Да таго часу, пакуль у нас будзе альтэрнатыва, калі мы будзем яму яе паказваць, – значыцца, мы моцныя. Значыцца, ён будзе лічыцца з намі. І мы павінны ўзмацніць Каардынацыйную раду, каб стварыць альтэрнатыву і дасягнуць нашай мэты: незалежнай, свабоднай Беларусі», – адзначыў Павел Латушка падчас канферэнцыі, дзе была прэзентаваная перадвыбарчая праграма кааліцыі.

Як пройдуць выбары ў Каардынацыйную раду і як удзельнічаць у іх беларусам, якія ў Беларусі

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны