Еўрапейскія спецслужбы: Расея плануе дыверсіі па ўсёй Еўропе

Еўрапейскія спецслужбы папярэдзілі ўрады сваіх краін пра планы Расеі правесці дыверсіі па ўсёй Еўропе, бо Крэмль узяў курс на доўгатэрміновае супрацьстаянне з Захадам, піша «Financial Times».

Два цягнікі, што сышлі з рэек у Швейцарыі ў красавіку 2023 года. Крыніца: noi.md

У артыкуле адзначаецца, што спецслужбы Расейскай Федэрацыі пачалі актыўна рыхтаваць падпалы, выбухі і пашкоджанні інфраструктуры на тэрыторыі Еўропы – як непасрэдна, так і праз падстаўных асобаў, не клапоцячыся, што гэта можа прывесці да ахвяраў сярод грамадзянскага насельніцтва.

Зараз, згодна з ацэнкамі ведамстваў з трох еўрапейскіх краінаў, з’яўляецца ўсё больш доказаў пра больш агрэсіўныя і ўзгодненыя намаганні Расеі па здзяйсненні дыверсіяў на еўрапейскім кантыненце.

«Мы ацэньваем, што рызыка дыверсіяў, кантраляваных дзяржавай, значна павышаецца», – адзначае кіраўнік Федэральнай службы абароны канстытуцыі Нямеччыны Томас Хальдэнванг. Пры гэтым ён дадаў, што Расея зараз «камфортна праводзіць аперацыі на еўрапейскай тэрыторыі з высокім патэнцыялам урону».

Паводле крыніцаў з выведкі, піша выданне, Пуцін адчувае сябе «ўзбадзёраным» і мае намер як мага мацней ціснуць на Еўропу, выкарыстоўваючы дэзынфармацыю, сабатаж і хакерскія атакі.

Паводле ацэнак супрацоўніка аналітычнага цэнтра «Chatham House», «кропкавыя атакі, якія мы бачылі дасюль, канечне, накіраваныя на стварэнне беспарадкаў», але могуць выкарыстоўвацца і для дэзынфармацыі. «Расея вучыцца на гэтых атаках, калі хоча па-сапраўднаму знерухоміць Еўропу… Гэта трэніроўка», – адзначыў эксперт.

Сярод выпадкаў дыверсіяў, якія ўжо праводзіла Расея ў Еўропе, выданне адносіць падпал, здзейснены ў Вялікай Брытаніі на складзе з грузамі дапамогі для Украіны, сыход з рэек цягнікоў у Швейцарыі, спробы знішчэння сістэмаў сігналізацыі ў Чэхіі, напад на аўтамабіль міністра ўнутраных справаў і журналістаў у Эстоніі і іншыя.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны