Сі Цзінь Пін прыбыў у Францыю: што вядома пра яго першы за 5 гадоў візіт у Еўропу

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін 5 траўня прыбыў у Парыж, пачаўшы дзяржаўны візіт у Францыю,

Сі Цзінь Пін і Эманюэль Макрон. Крыніца: centralasia.media

У панядзелак 6 траўня Сі Цзінь Пін сустрэнецца з Эманюэлем Макронам. Раніцай старшыня Еўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен далучыцца да перамоваў у Елісейскім палацы на паседжанні, прысвечаным пытанням гандлю. На панядзелак таксама запланаваны франка-кітайскі эканамічны форум у парыжскім тэатры Маріньі.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, верагодна, абмяркуе з лідарам Кітая падчас яго візіту ў Парыж скарачэнне гандлёвага дысбалансу, а таксама паспрабуе падштурхнуць Кітай выкарыстаць свой уплыў на Расею ў сувязі з вайной ва Украіне. Выданне Reuters піша, што надзеі Макрона наўрад ці будуць лёгка здзяйсняльныя ў перыяд абвастрэння гандлёвых спрэчак паміж Еўропай і Кітаем.

Францыя падтрымлівае расследаванне Еўрапейскага Звяза ў дачыненні да экспарту кітайскіх электрамабіляў, а ў студзені Пекін пачаў расследаванне ў дачыненні да імпарту брэндзі, у асноўным французскай вытворчасці, і гэты крок шырока разглядаецца як мера ў адказ на ўзмацненне праверак з боку ЕЗ. Пры гэтым адносіны 27 членаў ЕЗ, у прыватнасці Францыі і Нямеччыны, да Кітая падзяліліся. Так, канцлер Нямеччыны Олаф Шольц не далучыцца да Эманюэля Макрона і Сі Цзінь Піна ў Парыжы з-за раней узятых на сябе абавязацельстваў.

«У Еўропе няма адзінага меркавання па гэтым пытанні, таму што некаторыя гульцы па-ранейшаму разглядаюць Кітай як рынак магчымасцяў, – сказаў Эманюэль Макрон. – Гэтыя рознагалоссі могуць падарваць здольнасць ЕЗ уплываць на азіяцкага гіганта».

Францыя таксама паспрабуе дабіцца прагрэсу ў адкрыцці кітайскага рынку для свайго сельскагаспадарчага экспарту і вырашыць пытанні, звязаныя з занепакоенасцю французскай касметычнай прамысловасці наконт правоў інтэлектуальнай уласнасці.

Францыя імкнецца падштурхнуць Кітай да таго, каб прымусіць Маскву спыніць вайну супраць Украіны, але пакуль што ў гэтым пытанні мала што ўдалося зрабіць.

«Як мінімум, Парыж хоча дабіцца таго, каб Кітай, галоўны саюзнік Уладзіміра Пуціна, не аказваў відавочнай падтрымкі яго ваенным дзеянням супраць Кіева. Або нават «заахвоціць яго выкарыстоўваць рычагі», якімі ён мае ў дачыненні да Масквы, каб «садзейнічаць вырашэнню гэтага канфлікту», – заявіла крыніца ў дыпламатычных колах.

Ці могуць Расея і Украіна сесці за стол перамоваў?

Раней Макрон заявіў, што Францыя можа правесці вайсковую аперацыю ва Украіне супраць Расеі, калі таго запатрабуюць абставіны. Паводле яго, французскі Генштаб рыхтуецца «да любых сцэнароў». І шмат «зусім не малых» краінаў Еўропы «падтрымліваюць лінію Францыі», дадаў прэзідэнт Францыі.

«Калі кітайцы імкнуцца да паглыблення адносін з еўрапейскімі партнёрамі, вельмі важна, каб яны пачулі наш пункт гледжання і пачалі ўспрымаць яго ўсур’ёз», – піша Reuters.

Пасля візіту ў Францыю Сі адправіцца ў Расею, Сербію і Венгрыю.

Выданне Bloomberg паведаміла, што прэзідэнт Кітая Сі Цзінь Пін наведае Еўропу ўпершыню прыкладна за пяць гадоў на фоне росту напружанасці ў адносінах з Захадам па шэрагу пытанняў, у тым ліку па гандлю, абвінавачванні ў шпіянажы і падтрымцы Расеі.

Кітай штурхае Лукашэнку мірыцца з Польшчай? Наколькі важны беларускі транзіт для Пекіну

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны