У Беларусі ліквідуюць аб’яднанні стаматолагаў і таварыства інвалідаў

У траўні адбудуцца суды па ліквідацыі некалькіх грамадскіх аб’яднанняў, якія працуюць у Беларусі больш за 10 гадоў. Гэтым разам пад раздачу трапілі стаматолагі і інваліды. Пазоўнікам выступае Міністэрства юстыцыі.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Nashaniva.com

Беларускія ўлады хочуць ліквідаваць зарэгістраванае ў 2001 годзе Беларускае артадантычнае грамадскае абʼяднанне і зарэгістраванае ў 2000 годзе Беларускае грамадскае абʼяднанне стаматолагаў. Разгляд іскаў аб ліквідацыі адбудзецца ў Менскім гарадскім судзе 17 траўня. Працэсы будуць весці суддзі Наталля Пыкіна і Іна Ялавая, піша reform.news.

Акрамя таго, 21 траўня Менгарсуд разгледзіць іск аб ліквідацыі Беларускага таварыства інвалідаў «Рэабілітацыя», якое існуе з 2010 года. Працэс будзе весці суддзя Наталля Песенка.

У Беларусі на сёння блізу шасці адсоткаў насельніцтва маюць інваліднасць.

У сакавіку стала вядома, што ўлады ліквідуюць ГА «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», што даследуе сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі. Сябры арганізацыі збіралі дакументы, запісвалі ўспаміны. Паводле рэсурсу «Архівы Беларусі», гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Беларусі.

На сённяшні дзень у Беларусі застаюцца зарэгістраванымі 2330 няўрадавых арганізацыяў. Найбольшую актыўнасць праяўляюць так званыя GONGO – псеўданедзяржаўныя арганізацыі, напрыклад, БРСМ, «Белая Русь» і іншыя саюзы.

Чальцы некаторых ліквідаваных НДА вымушана выехалі з Беларусі і працягнулі сваю дзейнасць у замежжы, сярод іх БАЖ, Экадом і Офіс правоў людзей з інваліднасцю.

Мэтанакіраванае знішчэнне беларускіх НДА – трэнд унутранай палітыкі, які цягнецца з 2020 года. Так, згодна даследаванням, за першы квартал сёлета было знішчана 92 НДА, тады як у апошнім квартале 2023 года – 68 НДА. Агулам з 2020 года было знішчана болей за 1600 арганізацыяў.

Ці засталіся ў Беларусі НДА?

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны