У Белым доме чакаюць наступу Украіны ў 2025 годзе. Але ёсць нюанс

Украіна зможа перайсці ў 2025 годзе ў новае контрнаступленне, дзякуючы ваеннай дапамозе ЗША ў памеры 61 мільярда долараў, якая дапаможа пакласці канец поспехам Расеі ў гэтым годзе. Такой думкі прытрымліваецца дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван, піша ў нядзелю, 5 траўня, газета Financial Times.

БМП Узброеных сіл Украіны едзе па палігону. Данецкая вобласць, Украіна. 27 верасня 2023 года. Фота: Белсат

Выступаючы напярэдадні на арганізаваным гэтым выданнем мерапрыемстве FT Weekend Festival у Вашынгтоне, Джэйк Саліван прызнаў, што, нягледзячы на новы пакет фінансавання, ухвалены ЗША ў красавіку, у бліжэйшы час ён чакае працягу расейскага прасоўвання на полі бою, паколькі для змены сітуацыі немагчыма проста «пстрыкнуць выключальнікам».

Аднак, паводле яго слоў, дзякуючы новай дапамозе Вашынгтона Кіеў зможа трымаць абарону і супрацьстаяць расейскаму нападу цягам 2024 года. А ўжо ў 2025 годзе Украіна мае намер «рухацца наперад», каб адваяваць захопленую расейскімі войскамі тэрыторыю, указаў Джэйк Саліван.

Стабілізацыя фронту ва Украіне і наступ: Інстытут вывучэння вайны даў нечаканы прагноз

Яго каментары аб патэнцыйным контрнаступленні Украіны Financial Times называе найбольш дакладным выразам таго, як Белы дом бачыць развіццё канфлікту, калі на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе пераможа дзейны кіраўнік дзяржавы Джо Байдэн.

Выданне падкрэслівае, што наступленне Украіны ў 2025 годзе будзе залежаць ад павелічэння фінансавання з боку Кангрэса і адабрэння з боку Белага дома. Аднак далейшая падтрымка можа аказацца пад пагрозай у выпадку перамогі Дональда Трампа, які скептычна ставіцца да дапамогі Украіне і абяцаў хутка спыніць канфлікт шляхам перамоваў, адзначае амерыканская газета.

Вайсковая дапамога ЗША Украіне: ці пераломіць яна хаду вайны?

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны