На мяжы з Беларуссю ў Польшчы і Літве з’явіліся намётавыя гарадкі
2021.06.05 15:56
Беларусы Літвы далучыліся да акцыі Нацыянальнага Антыкрызіснага Упраўлення і стварылі намётавы гарадок каля літоўска-беларускай мяжы. Галоўная мэта акцыі – заклік да міжнароднай супольнасці звярнуць большую ўвагу да сітуацыі ў Беларусі, а таксама неадкладна ўвесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Беларусы, якія цяпер жывуць у Літве разбілі намётавы гарадок каля памежнага пункту пропуску Мядзінінкай-Каменны Лог. Да акцыі таксама далучыліся і неабыякавыя літоўцы.
«Мы патрабуем, мы просім, каб нам дапамаглі вярнуцца да дому» – кажа адна з удзельніц акцыі.
Аўтамабілі, фуры, якія праязджалі побач, сігналілі і выказвалі падтрыманне.
Галоўная мэта акцыі Нацыянальнага Антыкрызіснага Упраўлення – гэта зварот да Еўрапейскага звязу як мага хутчэй увесці 4-ы пакет санкцыяў і паскорыць распрацаванне 5-га пакету супраць рэжыму Лукашэнкі.
Патрабаванне да рэжыму Лукашэнкі: неадкладна адкрыць наземныя межы з боку Беларусі для вольнага перамяшчэння грамадзянаў.
Акцыі легальныя і ўзгодненыя з мясцовымі ўладамі.
Намётавы гарадок беларусы ствараюць і ў Польшчы каля пункту пропуску Баброўнікі-Бераставіца.