Лукашэнка прыгразіў кіраўніцтву Польшчы і краінаў Балтыі, назваўшы іх вар’ятамі

Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня сустрэўся з губернатарам Калінінградскай вобласці Расеі Антонам Аліханавым, каб абмеркаваць пытанні супрацы, паведамляе ягоная прэс-служба. Падчас сустрэчы Лукашэнка абвінаваціў краіны Захаду ў эканамічнай вайне праз санкцыі ды заявіў, што падзяліць Беларусь і Расею такім чынам не ўдасца.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Расеі Антонам Аліханавым. Фота: president.gov.by

Лукашэнка заявіў, што распачатая Захадам у 2022 годзе «беспрэцэдэнтная спроба» абмежаваць зносіны з Калінінградскай вобласцю і свабодны рух грузаў чыгуначным ды аўтамабільным транспартам як з Расеі, гэтак і з Беларусі, была асуджаная на правал: «Цяпер мы ў гэтым абсалютна перакананыя».

Таксама Лукашэнка заявіў, што падзяліць штучнымі бар’ерамі Беларусь і Расею не атрымаецца, як бы хто ні спрабаваў:

«Але гэта небяспечна. Гэта ўжо эканамічная вайна. І не толькі эканамічная. Якую нам вар’яты гэтыя вядомыя спрабуюць абʼявіць. Потым няхай не крыўдзяцца. Прытым мы ж нікому не пагражаем. Мы проста захоўваем нашыя інтарэсы – Беларусі і Расеі. Пакуль з цяжкасцю, але ўдаецца трываць усе гэтыя выхадкі. Але бясконца гэта працягвацца не можа. І таму кіраўніцтва балтыйскіх дзяржаваў павінна гэта цудоўна разумець. Мы гэтыя цяжкасці пераадольваем».

У сваю чаргу губернатар Калінінградскай вобласці Антон Аліханаў заявіў, што хацеў бы дабіцца вылучэння субсідыяў на транспартаванне морам беларускіх тавараў.

Пасля ўведзеных Еўразвязам санкцыяў у чэрвені 2022 года Літва спыніла транзіт праз сваю тэрыторыю некаторых расейскіх тавараў у Калінінград. Тады Расея прыгразіла захадамі ў адказ. Аднак менш як праз месяц Літве на рашэнне Еўракамісіі ўсё ж такі давялося аднавіць транзіт з Расеі ў Калінінградскую вобласць. Тады было пастаноўлена, што Расея можа перавозіць падсанкцыйныя тавары чыгункаю ў Калінінградскую вобласць і з яе праз тэрыторыю ЕЗ, але толькі на патрэбы гэтай вобласці.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны