Ці магчыма аднавіць стары горад на Кастрычніцкай плошчы ў Менску

Улады Беларусі задумалі паставіць манумент «Беларусь адзіная» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску – блізу Палацу Рэспублікі і бізнес-цэнтру «BK Capital Palace». А што, калі змяніць плошчу радыкальна, вярнуўшы ёй выгляд, які быў да Другой сусветнай вайны? Аўтар кніг пра зніклы Менск кажа: гэта магчыма і нават неабходна.

Скрыжаванне вуліцаў Савецкай і Энгельса, злева – агароджа гарадскога скверу. Ліпень 1941 года. Фота: з кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення»

Сяргей Абламейка – журналіст радыё «Свабода», доктар гістарычных навук і аўтар кніг «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» (кніга 1 і кніга 2 у фармаце PDF).

Ён не ўпэўнены, што ёсць абмеры і здымкі ўсіх дамоў, якія раней стаялі на Кастрычніцкай плошчы, але дакладна можна аднавіць прынамсі частку, прылеглую да вуліцы Энгельса (колішняй Дамініканскай), і частку колішняй вуліцы Юраўскай (цяпер няіснай).

«Гэта б завязала ўсё з Верхнім горадам, гэта быў бы натуральны працяг Верхняга гораду, – уяўляе Абламейка. – Да адноўленай Святадухаўскай царквы, да базыльянскага кляштару – гэта ўсё натуральным чынам злучылася б».

На месцы цяперашняй плошчы некалі быў так званы Новы рынак, расказвае гісторык. Яшчэ ў XVII стагоддзі гэты рынак пачаў забудоўвацца мураванымі дамамі. Між цяперашнімі праспектам Незалежнасці і вуліцай Інтэрнацыянальнай ды паралельна ім ішла вуліца Юраўская. Перад цяперашнім Палацам культуры прафсаюзаў быў таксама вузкі завулак Луначарскага. У савецкі час Юраўскую назвалі Камуністычнай, а калі пасля Другой сусветнай вайны разбурылі ацалелую забудову Новага рынку, назву аддалі іншай вуліцы.

Вуліца Энгельса (былая Дамініканская). Выгляд з касцёлу Св. Тамаша Аквінскага. Унізе ў цэнтры яе перакрыжаванне з Камуністычнай (былой Юраўскай). Правей у цэнтры відаць лютэранскую кірху. Нямецкая паштоўка, 1918 год. Фота: з кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення»
Вуліца Акцябрская (былая Валоцкая), што аддзяляла Высокі рынак ад Новага гораду. Справа бакавы неф дамініканскага касцёлу Св. Тамаша Аквінскага, які добра сведчыць пра маштаб самой святыні. 1925 год. Фота: з кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення»

І некаторыя будынкі, якія там стаялі, вельмі каштоўныя, падкрэслівае Абламейка. Перадусім – барочны касцёл Св. Тамаша Аквінскага, збудаваны ў першай палове XVII стагоддзя, і кляштар дамініканцаў, а таксама палац Сапегаў за ім. Яны таксама перажылі вайну і былі знесеныя пазней. У кляштар падчас вайны трапіла савецкая авіябомба, але будынак касцёлу збольшага ацалеў і быў узарваны ўжо ў 1950-м – цяпер ад яго засталіся падмуркі і скляпы, схаваныя пад асфальтам. Раней ужо была даволі дэталізаваная прапанова аднавіць касцёл Св. Тамаша Аквінскага.

Абламейка згадвае незвычайную гісторыю з касцёлам: сто гадоў таму дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі пісалі, што касцёл будаваўся, калі ўжо была абвешчаная Берасцейская унія і ў ім нібыта існавалі два алтары. Адзін алтар, усходні, для службаў паводле грэцкага абраду, а другі – паводле лацінскага. Калі гэта праўда, дык з’ява ўнікальная.

Рэканструкцыя выгляду касцёлу Св. Тамаша Аквінскага ў XIX ст. Малюнак 1985 года. Выява: Уладзімір Дзянісаў / «Полымя»
Касцёл Св. Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў на рагу вуліцаў Інтэрнацыянальнай і Энгельса. 1942 год. Каб не савецкія бамбаванні чэрвеня 1944 года, гэтая святыня магла б застацца цалкам непашкоджанай. Фота: з кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення»

«Але ж гэта дорага» і «што было, тое мінула»

Можна ўявіць шмат аргументаў супраць аднаўлення гістарычных будынкаў. Але Абламейка настойвае: «Памяць бясцэнная». Дзяржава нарабіла бяды – дзяржава павінна кампенсаваць. І калі аднаўляць тое, што было на Кастрычніцкай, народ робіцца толькі багацейшым.

Ён прыводзіць у прыклад Варшаву, якая моцна пацярпела ад Другой сусветнай вайны, як і Менск. Маўляў, шмат хто выступае супраць муляжоў на месцы разбураных будынкаў, але ж адноўленую частку старога гораду Варшавы ўключылі ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO – менавіта як адноўленае, як набор муляжоў.

«З муляжамі выхаваюцца наступныя пакаленні, – кажа Абламейка. – А без муляжоў наступных пакаленняў можа і не быць, бо памяць – гэта тое, што трымае нас разам, прымушае лічыць сябе беларусамі».

Ён дадае, што цяпер беларусы ахвяруюць грошы Расейскай праваслаўнай царкве, а тая будуе храмы «пачварныя, у псеўдарускім стылі». Іх праекты капіююць «мураўёўскія» цэрквы, якія ў Расеі высмейвалі яшчэ ў XIX стагоддзі, калі іх будавалі. Абламейку здаецца, што не было б праблемай збіраць замест гэтага грошы на аднаўленне зруйнаванага. Ён згадвае, як у савецкія часы школьнікаў зрабілі чальцамі Таварыства аховы помнікаў, збіралі нейкія капейкі – а ў выніку ў Менску аднавілі Траецкае прадмесце.

На пярэднім плане вуліца Энгельса, далей справа дамініканскі кляштар з касцёлам Св. Тамаша Аквінскага. Восень 1941 года. Фота: калекцыя Ганса Руфа ў музеі Вялікай Айчыннай вайны
Менчукі назіраюць за перамяшчэннем цяжкай нямецкай артылерыі на вуліцы Савецкай. Справа – перспектыва забудовы Новага гораду ад чатырохпавярховага дому на рагу Савецкай і Энгельса і да завулку Луначарскага на месцы цяперашняй Кастрычніцкай плошчы. Чэрвень 1941 года. Фота: з кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення»

Архітэктура, кажа Абламейка, – гэта матэрыяльнае выяўленне цывілізацыйнай прыналежнасці гораду і яго насельнікаў. Беларускія гарады бясспрэчна былі еўрапейскімі, з тымі ж архітэктурнымі стылямі і прынцыпамі арганізацыі прасторы, што і ў Еўропе.

Цяпер гэта бывае цяжка пабачыць з зямлі, аднак Абламейка прапаноўвае паглядзець з самалёта ці спадарожніка хоць бы на Наваградак: рэнесансавая планіроўка з часткова квадратным рынкавым пляцам і веерам вуліцаў ад яго, а побач – замкавая гара. Так жа выглядаў Менск да Другой сусветнай вайны і падчас яе.

«Што нам даражэй абыдзецца? – пытае Абламейка. – Бяспамяцтва і страта сваёй ідэнтычнасці, растварэнне ў масе расейскага народу – ці застацца беларусамі і жыць паўнавартасным нацыянальным жыццём, развіваць сваю гісторыю і культуру?»

Цяпер, лічыць ён, беларуская культура «дыхае на адно лёгкае», а каб пачаць дыхаць на поўныя грудзі, трэба аднаўляць знішчанае не толькі ў Менску, але і ў Горадні, Берасці, Віцебску, Магілёве, Наваградку і іншых гарадах.

Калі аднаўляць частку забудовы, варта захаваць Палац прафсаюзаў, упэўнены Абламейка. А Палац Рэспублікі і «BK Capital Palace» варта дэмантаваць незалежна ад таго, што рабіць з плошчай. Ён тлумачыць, што Палац Рэспублікі знявечыў ансамбль цэнтральнага праспекту Менску ў стылі сталінскага ампіру і ўскладніў аднаўленне забудовы, што была да Другой сусветнай вайны. Хоць сталінская забудова ў ідэалагічным сэнсе была «праявай заняволення», кажа гісторык, яе хаця б праектавалі прафесійныя архітэктары – і яна выглядае даволі прыгожа і прапарцыйна, як італьянскія «palazzo». А побач з гэтым паставілі спаруду, якая нагадвае месапатамскую бажніцу.

Касцёл, кірха, Сталін і не толькі. Як змянялася Кастрычніцкая плошча і што плануюць цяпер

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны