За хабар больш як Br 1 млн затрымалі антыкрызіснага кіраўніка прадпрыемства Берасцейшчыны

Пры спробе атрымання хабару з доказамі злачынства затрымалі службовую асобу аднаго з горадаўтваральных прадпрыемстваў Берасцейшчыны, паведамляе прэс-служба МУС. Яму інкрымінуецца спроба атрымання хабару памерам Br 1,25 млн.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Як паведамляе ведамства, справа звязаная з продажам прадпрыемства, якое летась выставілі на таргі. Адзін з патэнцыйных інвестараў захацеў яго купіць, а антыкрызісны кіраўнік прапанаваў знізіць кошт лота на 50 % за ўзнагароду Br 1,25 млн. Атрымаўшы згоду, ён пачаў актыўныя дзеянні: адразу пасля заканчэння чарговых таргоў прызначаліся і праводзіліся новыя. Гэта дазволіла за паўгода знізіць афіцыйны кошт практычна да патрэбнага ўзроўню.

У канцы траўня ў сталічным гатэлі адбылася сустрэча фігуранта справы з прадстаўніком інвестара. Пры атрыманні часткі хабару – Br 50 тыс. – 62-гадовага мужчыну затрымалі.

Паведамляюць, што затрыманы берасцеец працаваў антыкрызісным кіраўніком з 2016 года. Яму належыць дарагая нерухомасць у Менску і Берасці, а таксама аўтамабіль прэміяльнага ўзроўню. Пры ператрусе ў ягоным доме вывілі больш за $ 150 тыс. гатоўкаю, распавялі ў міліцыі.

Следчыя завялі крымінальную справу, мужчыну арыштавалі. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Назвы прадпрыемства ды імя затрыманага ў паведамленні МУС не згадваюць.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны