Арганізацыі пераходнага органу замінаюць кадравыя праблемы, заявіла Святлана Ціханоўская ў аўторак, адказваючы на пытанне журналістаў падчас прэсавай канферэнцыі ў Варшаве.
Паводле беларускай дэмакратычнай лідаркі, стварэнне нацыянальнага органу для транзіту ўлады, пра які было аб’яўлена ў лютым 2022 года, усё яшчэ знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.
«У нас ёсць кадравыя праблемы, – заявіла Святлана Ціханоўская. – Але грамадскі запыт на такое прадстаўніцтва ёсць – мы над гэтым працуем».
Ціханоўская распавяла, што ў жніўні плануецца правесці кангрэс беларусаў, каб падсумаваць вынікі працы дэмакратычных сілаў за апошнія два гады, а таксама абмеркаваць змены ў стратэгіі барацьбы супраць рэжыму.
«Цяпер мы змагаемся не толькі за новыя выбары ў нашай краіне, але за незалежнасць Беларусі. Магчыма, будуць змены ў стратэгіях і падыходах», – дадала Ціханоўская.
Прысутны на прэс-канферэнцыі Павел Латушка заявіў, што на кангрэсе абмяркуюць, між іншага, арганізацыю нацыяльна-вызваленчага руху і стратэгію далейшых дачыненняў з Украінай.
Адказваючы на пытанне «Белсату» пра ролю сілавікоў у вызваленчым руху, кіраўнік Народнага антыкрізіснага ўпраўлення паведаміў, што гэта будзе вырашацца на жнівеньскім кангрэсе.
«Без удзелу такіх ініцыятываў, як «ByPol», «Кіберпартызаны», «План Перамога» і «План Супраціў» і іншых структураў, уявіць эфектыўнасць такога руху цяжка. Аднак, вельмі важнае шырокае грамадскае падтрыманне гэтага руху. Трэба знайсці такія інструменты, якія забяспечаць удзел моцных арганізацыяў унутры руху, гэтак і максімальнае прадстаўніцтва беларусаў у ім», – дадаў Латушка.
4-5 ліпеня Святлана Ціханоўская знаходзіцца з візітам у Варшаве. У панядзелак Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім, у аўторак правядзе сустрэчы з прэзідэнтам Анджэем Дудам і міністрам аховы здароўя Адамам Нядзельскім.
Жора Ройтбард belsat.eu