СК распачаў крымінальныя справы праз гібель і траўмаванне рабочых на «Горадня Азоце»

Следчыя Гарадзенскага міжраённага аддзелу СК за выходныя пачалі дзве крымінальныя справы аб парушэнні правілаў тэхнікі бяспекі, якое пацягнула смерць і цяжкія пашкоджанні (часткі 1 і 2 артыкулу 306 КК), у звязку з гібеллю працаўніка гарадзенскага «Азоту» і траўмаваннем двух падрадчыкаў у адным з цэхаў прадпрыемства, паведамляе прэс-служба ведамства.

Адзін з цэхаў на «Горадня Азоце». Фота: sk.gov.by

Усё адбылося за апошнія тры дні.

Паводле звестак следства, удзень 2 верасня пры выкананні рамонтных працаў у цэху «Горадня Азоту» пацярпеў 40-гадовы рабочы адной з будаўнічых арганізацыяў Горадні. «Мужчына выконваў работы без атрымання неабходнага на іх правядзенне допуску, цяпер ён у рэанімацыі», – пішуць у ведамстве.

Пачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 306 КК («Парушэнне правілаў аховы працы, якое пацягнула праз неасцярожнасць прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання»).

«Дзве смерці за тры дні». Стачкам паведамляе пра чарговы інцыдэнт на «Горадня Азоце»

Яшчэ адзін няшчасны выпадак здарыўся ўначы 4 верасня. Паводле следства, 48-гадовы рабочы гарадзенскага «Азоту» пры выкананні дэфектаскапіі ў спускавым кошыку на вышыні каля 19 метраў упаў разам з ім на дно калоны. Ад цяжкіх траўмаў мужчына памёр на месцы.

Фота: sk.gov.by

У момант здарэння мужчына не быў прышпілены ахоўным поясам. Газета «Гродненский химик» таксама паведамляла імя загінулага – Уладзімір Дарашэнка.

Следчыя Гарадзенскага міжраённага аддзелу СК завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 306 КК («Парушэнне правілаў аховы працы, якое прывяло праз неасцярожнасць да смерці чалавека»).

«Горадня Азот» спыняе два цэхі. Афіцыйна – на планавы рамонт

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны