Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 5 верасня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 194-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 49 800 чалавек забітымі.

Разам з тым расейцы працягваюць прымусовую мабілізацыю на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. У Данецкай вобласці расейцы мабілізуюць мужчынаў прызыўнога веку ў мясцовых больніцах, дзе тыя праходзяць лекаванне, не зважаючы пры гэтым на траўмы і хваробы. Выключэнне робіцца толькі для тых, хто атрымаў раненні падчас баявых дзеянняў.

За содні расейцы нанеслі больш за 25 ракетных і больш за 22 авіяцыйныя ўдары па вайсковых і цывільных аб’ектах на тэрыторыі Украіны. У прыватнасці, пацярпела цывільная інфраструктура ў ваколіцах Харкава, Дзмітраўкі, Касцянтынаўкі, Зеленаполля, Зайцава, Кадэмы, Салядару, Мікалаева, Вазнясенску, Ачакава, Сухога Стаўка і Безыменнага.

Артылерыйскія абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў назіраліся на большай частцы кірункаў – ад Чарнігаўскай да Мікалаеўскай вобласці, адзінымі спакойнымі кірункамі ў гэтым плане былі валынскі і палескі, якія мяжуюць з тэрыторыяй Беларусі.

Наземныя аперацыі цягам апошніх содняў Расея праводзіла толькі на данецкім участку фронту: варожыя атакі былі адбітыя каля Бахмуцкага, Вясёлай Даліны, Зайцава, Кадэмы і Салядару бахмуцкага кірунку, Первамайскага, Вадзянога і Невельскага аўдзееўскага кірунку.

Украінскія вайскоўцы. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

У сваю чаргу ўкраінская авіяцыя нанесла больш за 30 удараў па жывой сіле і тэхніцы праціўніка. Артылерыя і ракетныя войскі ЗСУ працягнулі супрацьбатарэйную барацьбу, знішчэнне сродкаў супрацьпаветранай абароны, артылерыі і жывой сілы праціўніка па ўсёй лініі сутыкнення.

Адзначаюць, што ў выніку такіх дзеянняў расейскія войскі зазналі вялізныя страты ў жывой сіле ў ваколіцах Сямёнаўкі і Куп’янску Харкаўскай вобласці, а таксама быў знішчаны іхны склад боепрыпасаў і тэхнікі.

Разам з тым, у выніку інтэнсіўных абстрэлаў жывой сілы расейцаў, праціўнік увёў забарону на перамяшчэнне цывільнага насельніцтва Херсонскай вобласці. У прыватнасці, мясцовым забаранілі перасякаць Дняпро: парушальнікам пагражаюць ужываннем зброі.

Тым часам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра вызваленне трох мясцовасцяў. Пры гэтым Зяленскі не назваў паселішчаў, вызваленых ЗСУ 4 верасня. Але раней медыі паведамлялі пра вызваленне сяла Азэрнэ ў Данецкай вобласці, Благадатаўкі і Высакаполля (да вайны там жылі 4 тысячы чалавек) Херсонскай вобласці.

Былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін паведамляе пра аднаўленне баёў з боку ЗСУ па лініі Цярновыя Поды – Зялёны Гай – Кісялёўка Мікалаеўскай вобласці.

BK belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату