Галоўная прэм’ера сезону – «Працэсы». Першы серыял «Белсату» аўтарства Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя.
Зняць серыял-анталогію ў стылі чорнай абсурдысцкай камедыі аўтараў натхнілі штодзённыя навіны з Беларусі і з-за яе межаў: рэпрэсіі, затрыманні, прававы дэфолт, беззаконне чыноўнікаў і сілавікоў, насаджэнне дзяржаўнай ідэалогіі ў школах ды ўрэшце вайна ва Украіне. Творцы давялі кожную падзею да абсурду, паказаўшы, чым гэта ўсё можа закончыцца. З кожным днём тое, што адбываецца ў серыяле, робіцца ўсё больш падобным да рэальнасці.
«Гэта вельмі цікавы і амбітны праект. Незвычайны – пры дапамозе сатыры і гратэскавых формаў – погляд на сучасную беларускую рэчаіснасць у некалькіх асобных навелах», – зазначае дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.
«Працэсы» – гэта чатыры серыі канцэнтраванага абсурду ў рэжысуры Андрэя Кашперскага. Над сцэнарамі Андрэй працаваў разам з Міхасём Зуём.
«Мы прагнем адрэфлексаваць тое, што з намі адбываецца. Прычым адрэфлексаваць, можа, не ў жорсткай, але вельмі сур’ёзнай і ў той жа час абсурдысцкай форме», – кажа суаўтар сцэнара Міхась Зуй.
У здымках быў задзеяны зорны склад актораў: Андрэй Новік, Валянціна Гарцуева, Алег Гарбуз, Ігар Сігоў, Зоя Белахвосцік ды іншыя. Галоўную ролю ў адной з навелаў зайграла Яна Траянава, вядомая з фільмаў «Краіна ОЗ», «Жыць», «Ваўчок» і серыялу «Вольга».
Прэмʼера адбудзецца ўжо ў снежні ў кінатэатры і на дыджытал-пляцоўках «Белсату». Каб не прапусціць дакладнай даты, сачыце за інфармацыяй на нашым сайце, у эфіры ды сацыяльных сетках.