У Віцебску судзяць сямейную пару журналістаў за «экстрэмізм». Іх дзіця аддалі сваякам

5 верасня ў Віцебскім абласным судзе мусіць пачацца слуханне справы відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і ягонай жонкі Таццяны Пыцько. Іх абвінавачваюць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці.

Вячаслаў Лазараў і Таццяна Пыцько. Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Суд праходзіць у закрытым фармаце. Суддзёй на працэсе будзе Яўген Буруноў.

Вячаслаў Лазараў быў затрыманы 9 лютага ў Віцебску. Супраць яго завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкулу 361-4 («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).

6 чэрвеня затрымалі жонку Вячаслава – Таццяну Пыцько. Ёй інкрымінуюць той самы артыкул або стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім (арт. 361-1 КК).

Суд над відэааператарам Вячаславам Лазаравым і ягонай жонкай адбудзецца 5 верасня

Імаверна, крымінальная справа супраць Таццяны была заведзеная за дапамогу мужу падчас здымак, бо яе затрымалі пасля таго, як у кватэры сужэнцаў быў праведзены ператрус і да следчых трапіў архіў Вячаслава Лазарава.

Маленькую дачку Таццяны і Вячаслава сацыяльныя службы змясцілі ў абласны шпіталь, што робіцца ў тых выпадках, калі ў дзіцяці няма побач блізкіх і сваякоў або апекуноў. Але недзе праз месяц дзяўчынку забралі да сябе сваякі Таццяны. Двое дзяцей ад першага шлюбу, якія былі ў Таццяны, цяпер жывуць са сваім родным бацькам.

Сталася вядома, у чым вінавацяць журналіста Вячаслава Лазарава

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны