Студыя «Sad Cat Studios» атрымала $ 5 млн на распрацоўванне сваіх будучых гульняў. У праект уклалася міжнародная кампанія «GEM Capital», што базуецца на Кіпры, паведамляе «VentureBeat».
Студыя з Менску займаецца анансаваным у 2021 годзе рэтрафутурыстычным экшан-платформерам «Replaced», у якім трэба гуляць за R.E.A.C.H. – штучны розум, замкнуты ў чалавечым целе. У 2022-м рэліз перанеслі праз пачатак вайны ва Украіне і вымушаную рэлакацыю каманды. Сёлета яго пасунулі на 2024 год, але цяпер праз складанасць распрацоўвання.
Сузаснавальнікі «Sad Cat» Юрый Ждановіч і Ігар Грыцай заявілі, што інвестыцыя дапаможа зрабіць іхную гульню «Replaced» больш цікавай.
«Мы ўсталявалі сабе вельмі высокую планку якасці і візуальнага стылю», – адзначыў Грыцай.
У «GEM Capital» мяркуюць, што «Replaced» мае ўсе шанцы «перавярнуць гульнявы ландшафт, завабіць аўдыторыю ўсяго свету і стаць пачаткам новай магутнай франшызы».
Раней IT-галіна была драйверам эканамічнага росту Беларусі. Усё пачало мяняцца пасля мірнай рэвалюцыі 2020 года, калі сталі рэлакавацца праграмісты, якія асцерагаліся палітычнага пераследу за ўдзел у пратэстах. Аднак сапраўдны крызіс сфера зазнала з пачаткам вайны ва Украіне.
Адмоўны ўнёсак IT у рост ВУП за сем месяцаў сёлета – мінус 1,2 %, кампаніі звальняюць болей, чымся бяруць на працу (за мінулы год і сем сёлетніх месяцаў галіна страціла 22,3 тыс. адмыслоўцаў). Як вынік – сталае падзенне беларускага экспарту паслуг, які збольшага забяспечвала акурат IT-сфера.
Якуб Хруст belsat.eu