Эканамістка растлумачыла рэкордны рост курса долара ў Беларусі

Долар тры дні запар абнаўляе гістарычны максімум. Заўтра, паводле курсу Нацбанку, ён будзе каштаваць 3,3376 рубля. Эканамістка Настасся Лузгіна не ўбачыла ў гэтым нічога надзвычайнага. Яна сказала «Белсату», што долар апошнімі днямі даражэе да шмат якіх валютаў, а ад рэзкай дэвальвацыі Беларусь мусяць уратаваць… прэзідэнцкія выбары ў Расеі.

Долары ЗША. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года. Фота: Белсат

Долар дэманструе ў Беларусі цудоўную форму і расце чатыры дні запар. За гэты час амерыканская валюта абнавіла тры гістарычных рэкорды.

Папярэдні максімум быў дасягнуты ў леташнім сакавіку на фоне эканамічнага шоку пасля расейскага ўварвання ва Украіну. Тады долар каштаваў 3,3195 рубля. Цяпер – новы пік: за чатыры дні амерыканская валюта падаражэла на 0,0525 рубля і цяпер каштуе 3,3376 рубля. Ад пачатку года беларускі рубель дэвальваваўся да долара на 22%.

Еўра таксама расце, аднак пакуль леташні гістарычны максімум не пераадолены. Тады на піке ён каштаваў 3,6670 рубля, цяпер – 3,5068. Сёлета найвышэйшы курс еўра быў зафіксаваны ў сярэдзіне жніўня: 3,5753 рубля.

«Нічога асаблівага не адбываецца», – заявіла «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна. Яна растлумачыла, што долар апошнімі днямі расце да шмат якіх валютаў:

«Амерыканскі рэгулятар, Федэральная рэзервовая сістэма, ладзіць жорсткую грашова-крэдытную палітыку, і долар на сусветным рынку добра пачуваецца. Ён расце да многіх валютаў цяпер».

Беларускі рубель вельмі моцна прывязаны да расейскага і плюс-мінус рушыць тым жа курсам.

«Больш за 50% аб’ёму таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы – у расейскіх рублях, і натуральна, што гэта адбіваецца на беларускім рублі. Гэта наўпроставае ўздзеянне вонкавага валютнага рынку, расейскага рубля. Калі будзе павялічвацца доля разлікаў у расейскіх рублях, адпаведна, гэтая залежнасць будзе толькі ўзрастаць. Мы, вядома, не капіюем цалкам, але паўтараем дынаміку», – адзначыла эканамістка.

Курс долара ў Беларусі трэці дзень запар б’е рэкорды

Лузгіна канстатавала, што расейскі рубель, які прычэпам цягне за сабою беларускі, цяпер не ў лепшым стане, і ва ўладаў суседняй краіны пакуль не атрымліваецца ўмацаваць сваю валюту.

«Ціск на расейскі рубель захоўваецца. Валюта не паступае своечасова ў Расею ці экспарцёры яе нават не заводзяць у краіну. Калі расейскія ўлады не будуць уводзіць нейкіх дадатковых абмежаванняў, то рубель можа яшчэ аслабнуць», – сказала экспертка, падкрэсліўшы, што, хутчэй за ўсё, нейкія захады ўсё ж будуць, бо на носе прэзідэнцкія выбары ў Расеі.

Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што ў суседняй краіне будуць намагацца трымаць курс не вышэй за 100 расейскіх рублёў за долар мінімальна да галасавання, якое мусіць адбыцца ў сярэдзіне сакавіка налета. «Адпаведна, гэта будзе стабілізаваць і беларускі рубель», – канстатавала Лузгіна. Цяпер, паводле курсу расейскага Цэнтральнага банку, долар каштуе там 99,6762 рубля.

Сем месяцаў запар беларусы прадаюць валюты болей, чымся купляюць

Пры гэтым неспадзяванка на беларускім валютным рынку можа адбыцца і праз унутраныя чыннікі, зазначыла эканамістка цэнтру BEROC. Тут небяспеку нясе адмоўнае сальда вонкавага гандлю: Беларусь стала купляць болей імпарту, чымся прадаваць за мяжу.

«У нас пагаршаецца сальда гандлёвага балансу, і калі гэтая тэндэнцыя будзе захоўвацца, то ўжо не вонкавыя валютныя рынкі будуць уплываць, а менавіта ўнутраны. Маюцца рызыкі зніжэння курсу беларускага рубля ў дачыненні да ўсіх валютаў», – папярэдзіла экспертка.

Пакуль жа дэфіцыту валюты ў Беларусі няма: фізічныя асобы, а таксама нерэзідэнты здаюць болей, чымся купляюць.

«Пакуль баланс захоўваецца. Як доўга гэта будзе – пытанне, але ў бліжэйшыя месяцы, мяркую, будзе захоўвацца. І асноўным чыннікам па-ранейшаму застаецца сітуацыя з расейскай валютаю», – падсумавала Настасся Лузгіна.

Праяданне валюты працягнецца. Беларусі прадказалі рост дэфіцыту вонкавага гандлю

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны