Падпісалі. Што далей? Спыталі беларускага і расейскага палітолагаў, што плануюць Пуцін і Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 4 лістапада правялі сустрэчу праз відэасувязь. Лукашэнка падпісаў саюзныя праграмы. Беларускі бок заяўляе, што хоць подпісу Пуціна не відаць, ён на адваротным боку старонкі. Што будзе далей між Пуціным і Лукашэнкам?

Галоўнае – не дарожныя мапы?

Беларускі палітолаг і аналітык Павел Усаў звяртае ўвагу на тое, што бакі пагадзіліся не толькі ў праграмах інтэграцыі. Расейцы здолелі «праціснуць» падпісанне Вайсковай дактрыны Саюзнай дзяржавы, якую рыхтавалі да падпісання яшчэ ў 2018 годзе, але тады Аляксандр Лукашэнка адмовіўся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 9 траўня 2021 года. Фота: АЗ

«Магчыма, у той вайсковай дактрыне былі даволі выразныя аспекты, звязаныя з тым, хто вораг і як павінна будавацца агульная стратэгія Беларусі і Расеі адносна краінаў NATO, больш цесная супраца ў межах вайсковай інтэграцыі, – кажа Усаў. – Я не выключаю, што цяпер, пасля падпісання вайсковай дактрыны і ўлічваючы рост напружанасці на межах з Польшчай, у Беларусі могуць з’явіцца расейскія памежныя войскі або памежныя службы, што раўназначна войскам.

Гэта першы аспект: паглыбленне вайсковай і стратэгічнай залежнасці Беларусі. Па факце гэта азначае канец суверэнітэту – са з’яўленнем расейскіх вайсковых адзінак. Атрымліваецца, што падпісанне дарожных мапаў – выключна шырма, якая хавае прасоўванне вайсковай прысутнасці Расеі ў Беларусі».

Лукашэнка яшчэ не стаў непатрэбным

Усаў мяркуе, што Расея цяпер мае некалькі планаў у дачыненні Лукашэнкі, але не стане іх выконваць проста цяпер:

«Змены могуць наступіць, калі Расея будзе цалкам кантраляваць палітычную і эканамічную прастору Беларусі, – разважае беларускі палітолаг. – Калі фактычна кіраванне Беларуссю будзе ў руках Масквы ці расейскіх намеснікаў, пытанне Лукашэнкі будзе развязанае вельмі хутка.

Цяпер яны не будуць мяняць Лукашэнкі, пакуль не завершанае інстытуцыянальнае афармленне расейскай прысутнасці ў Беларусі. Пасля таго як расейцы будуць упэўненыя, што змена кіраўніка не прывядзе да дэстабілізацыі, яны, безумоўна, хутка прыбяруць Лукашэнку. Але гэта не наступіць цягам года ці двух».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Mikhail Klimentyev / Kremlin / Reuters / Forum

Дарожныя мапы ў гэтых умовах, дадае ён, – гэта ідэалагічная і прававая перадумова для прасоўвання расейскіх эканамічных інтарэсаў у Беларусі, стварэнне ўмоваў для інстытуцыянальнага падпарадкавання.

Выказванні Лукашэнкі ў прыніжальным для яго самога стылі сведчыць, што ён губляе палітычную субектнасць, заяўляе Усаў. Лукашэнка паводзіць сябе, як васал, які адчувае псіхалагічную і палітычную перавагу Уладзіміра Пуціна.

«Лукашэнка разумее, што Пуцін гэтую бітву выйграў, а ён прайграў, і ягонае палітычнае жыццё – гэта пытанне часу», – робіць выснову Усаў.

Хацелі б – ужо даўно забралі суверэнітэт

Расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў кажа «Белсату», што пасля падпісання Беларусь не страціць незалежнасці.

«Лукашэнка гэтыя мапы падпісаў – цяпер будзе павольная барацьба за выкананне кожнай літары, – прагназуе ён. – Усялякія размовы пра суверэнітэт, здраду і гэтак далей – гэтак казаць нельга. Лукашэнка нічога не здаў, бо ў ягоным разуменні суверэнітэт – гэта ягоная ўлада».

Калі б беларускі суверэнітэт быў камусьці патрэбны, даўно б нешта зрабілі, упэўнены Суздальцаў. Ды для Расеі гэта валіза без ручкі – і гэта было бачна па тым, як Уладзімір Пуцін сядзеў на сустрэчы, як робат.

Палітолаг таксама сумняецца ў тым, што Расея хоча захапіць беларускія прадпрыемствы, бо «а што захопліваць?». МАЗ ён лічыць неэфектыўным і называе «самым маленькім заводам грузавікоў на планеце». МТЗ робіць добрыя трактары 1980-х гадоў, дый у Расеі ёсць свае трактарныя заводы.

Самая вялікая пагроза суверэнітэту Беларусі, сцвярджае расейскі палітолаг, – гэта сам Лукашэнка, які стварыў эканамічную сістэму, якая не самадастатковая, а разбуральная для краіны.

«Нафтан» – буйны нафтаперапрацоўчы і нафтахімічны комплекс, які выпускае розныя віды паліва, аліву і бітумы, араматычныя вуглевадароды і прадукты нафтахіміі. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь. Фота: Белсат

Праграмы, каб рэфармаваць, а не паглынуць?

«Расеі патрэбны нейкі вынік, – тлумачыць ён. – Ужо 20 гадоў інтэграцыі, вялізныя грошы запампаваныя ў Беларусь, на пачатак года было 137 мільярдаў долараў незваротных грошай. Так, гэта напружвае сітуацыю. Тым больш у Расеі рыхтуецца перыяд транзіту ўлады. Трэба было неяк завяршыць гэтую вечную гісторыю, гэтае вечнае ныццё пра «дайце грошай».

Рэч і ў тым, што Расеі надакучыў цяперашні фармат адносінаў, і ў тым, што Расея мае іншыя праблемы ў эканоміцы ды вонкавай палітыцы, і ў тым, што беларускія дзяржаўныя медыі пазіцыянуюць сітуацыю як «квітучая Беларусь і ўбогая Расея», і ў тым, што калі ад Беларусі патрабуюць палітычных рашэнняў, то іх няма, пералічвае суразмоўца.

Дарожныя мапы самі па сабе някепскія, адзначае ён, ды ёсць нюансы. Па-першае, яны вельмі недакладныя, без графіку выканання, выглядаюць як проста пажаданні. Па-другое, расейская эканоміка ў тры дзясяткі разоў большая за беларускую, таму Расея настойвае, каб беларуская сістэма стала расейскаю.

«А беларускай сістэмы няма! – заяўляе Суздальцаў. – Ёсць вельмі дзіўнае савецкае адміністраванне пад найбуйнейшую алігархічную структуру. Такая сістэма недзеяздольная, яна працуе за кошт вонкавага рэсурсу, сама сябе не пракорміць».

На думку палітолага, у фармаце саюзных праграмаў зарэзервавалі сродкі на тое, каб дапамагчы Беларусі правесці эканамічныя рэформы і вызваліцца ад патрэбы ў датацыях. Настроі ў расейскім грамадстве і палітычным класе, кажа ён, такія: «Гэтае ўтрыманства дастала».

«Пуцін будзе чакаць, пакуль Лукашэнка ператворыцца ў адмарозка ў вачах большасці», – расейскі палітолаг

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны