З Веткаўскага музею стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў імя Фёдара Шклярава звальняюць дырэктара Пятра Цалка. Пра гэта паведамілі ў Facebook-акаўнце ўстановы.
«Пятро любіць музей і не хоча мяняць працу ў Веткаўскім ні на што іншае. Але 1 студзеня сканчаецца працоўны кантракт з Пятром Міхайлавічам. І тыя, хто павінны кантракт працягнуць, працягваць яго адмаўляюцца…» – гаворыцца ў паведамленні.
Пятро Цалко прыйшоў працаваць у Веткаўскі музей яшчэ студэнтам – у верасні 2011 года. Ужо праз некалькі гадоў ён узначаліў гомельскі філіял музею, а з пачатку студзеня зрабіўся дырэктарам Веткаўскага музею.
«Пятро Міхайлавіч – той дырэктар, які сам з задавальненнем праводзіць экскурсіі і па музеі, і па Ветцы, ездзіць у экспедыцыі, прыдумляе новыя праекты», – заявілі ў сацсетцы музею.
Паводле паведамлення, «Веткаўскі музей часоў Пятра Цалка ўжо ўвайшоў у гісторыю беларускай музейнай справы яскравай і прыгожай часткай».
Адносна ж звальнення ў музеі яшчэ вераць у цуд, «тым больш надыходзіць святочны, калядны час».
У аснове Веткаўскага музею стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў асабістая калекцыя Фёдара Шклярава (1925–1988) – нарадзінца Веткі, выхадца са стараабрадніцкага роду, самадзейнага мастака, калекцыянера мясцовай даўніны. На падставе ягонага збору ў 1978 годзе і быў створаны музей.
Пры гэтым музей актыўна папаўняецца і іншымі творамі мастацтва. Напрыклад, летась быў набыты абраз з выявай Божай Маці, якая была часткай Царскай брамы XIX стагоддзя. А сёлета знайшлося і больш ранняе ды поўнае наверша з Царскай брамы з выявамі Божай Маці і Арханёла Гаўрыіла.
Якуб Хруст belsat.eu