2501 год калоніі, 452 «хіміі» і 893 «хатняй хіміі». «Вясна» пра палітычныя суды летась

Праваабарончы цэнтр «Вясна» падвёў вынікі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзянаў з палітычных матываў за 2022 год.

Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года. Фота: Акім Крумкач / Белсат

За мінулы год «Вясне» ўдалося сабраць звесткі пра не менш як 1242 асуджаных паводле палітычных матываў, сярод іх 942 мужчыны і 300 жанчын. Сумарна ім прысудзілі:

  • 2501 год і 3 месяцы пазбаўлення волі для 636 асобаў;
  • 6 месяцаў пазбаўлення волі з умоўным неўжываннем пакарання для 1 асобы;
  • 452 гады і 2 месяцы «хіміі» для 190 асобаў;
  • 893 гады і 6 месяцаў «хатняй хіміі» для 373 асобаў;
  • 5 гадоў і 7 месяцаў арышту для 24 асобаў;
  • 2380 базавых велічыняў штрафу ў якасці асноўнага пакарання для 12 асобаў;
  • 38 010 базавых велічыняўштрафу ў якасці дадатковага пакарання для 144 асобы;
  • прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным наглядам для 6 асобаў;
  • прымусовыя меры бяспекі і лячэння разам з іншымі відамі пакарання ў дачыненні 9 асобаў;
  • 20 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў для 4 асобаў разам з пазбаўленнем волі кожнага;
  • 5 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з праходжаннем службы ў праваахоўных органах, для 1 чалавека;
  • пазбаўленне вайсковых званняў для 2 асобаў разам з пазбаўленнем волі.

Агулам палітычна матываванае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі» і «хатняй хіміі», арышту і прымусовых мер стацыянарнага характару, суды ўжывалі ў 98,95 % выпадках асуджэння палітвязняў.

Найбольш выракаў суды вынеслі паводле артыкулаў 342 («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза Лукашэнкі») Крымінальнага кодэксу.

Найбольш асуджаных было ў Менску (542 чалавекі), а таксама на Берасцейшчыне і Гомельшчыне (па 166 асобаў).

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны