Арышт за жонку, затрыманне за малітву, тэрмін за Telegram. Хроніка рэпрэсіяў 6 студзеня

Хваля рэпрэсіяў беларусаў рэжымам Лукашэнкі не сціхае. «Белсат» працягвае адсочваць асноўныя факты пераследу і звязаныя з імі падзеі і зʼявы.

У Беларусі прынялі закон Закон аб канфіскацыі маёмасці, паводле якога ў любых фізічных і юрыдычных асобаў могуць каінфіскаваць любую маёмасць незалежна ад краіны рэгістрацыі, калі яны здзейснілі недружалюбныя дзеянні ў дачыненні Беларусі або паўплывалі на замежныя дзяржавы ў здзяйсненні такіх дзеянняў. Што маецца на ўвазе пад недружалюбнымі дзеяннямі, не ўдакладняюць.

6 снежня Вярхоўны Суд Беларусі пакінуў у моцы прысуды, вынесеныя восенню абвінавачаным у «справе БелаПАН». Нязначна змененыя толькі некаторыя фармулёўкі, якія не паўплывалі на тэрміны зняволення.

Мужа праваабаронцы і палітзняволенай Марфы Рабковай Вадзіма Жаромскага пераарыштавалі на 10 содняў. Вадзім 6 студзеня мусіў выйсці на волю па сканчэнні тэрміну арышту. Але гэтага не адбылося. Тым часам, ягоная жонка — каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова сёння трэці год запар адзначае дзень народзінаў у СІЗА № 1.

Праваслаўны мітрапаліт Веньямін адхіліў святара Дзіянісія Карасцялёва ад здзяйснення святадзействаў для прынясення пакаяння пасля малітвы за абаронцаў Украіны, бо «палітыка гэта спакуса для вернікаў». Раней святара затрымаў ГУБАЗІК. Тым часам манастыр пад Менскам беспакарана збірае сродкі ў падтрымку расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.

6 студзеня МУС чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У так званы Спіс экстрэмістаў дадалі яшчэ 18 чалавек – цяпер у ім 2281 асоба.

У Менску пасля суда па «справе Вясны» сілавікі затрымалі расейскую праваабаронцу Кацярыну Яньшыну і празначылі ёй 15 сутак арышту. Паведамляецца, што Кацярына Яньшына прыехала ў Беларусь на суд па «справе Вясны» як незалежная назіральніца.

У Горадні затрымалі кіраўніка «Школы практычнай медыяцыі» Мікалая Хацяновіча. На відэазапісе ў каналах сілавікоў ён  кажа, што затрыманы за ўдзел у мітынгах у Менску, выказванні на адрас супрацоўнікаў міліцыі і іх сем’яў, падпіскі на экстрэмісцкія Telegram-каналы. Яго змясцілі ў СІЗА.

Паводле «Нашай Нівы», сілавікі затрымалі хлопца, які нядаўна вярнуўся з-за мяжы. Гэта 28-гадовы Радзівон Качаткоў. Ён нейкі час жыў за мяжой у некалькіх краінах, а пасля вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Неўзабаве яго затрымаў ГУБАЗіК. Яму пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы, імаверна за «распальванне варожасці і варажнечы». Хлопец не мяняў акаўнт у Telegram з 2016 года і шмат з яго каментаваў падчас пратэстаў.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны