Колькасць ахвяраў землятрусу ў Турцыі і Сірыі перавысіла 1300 асобаў. Лічба неканчатковая

Больш за 1300 чалавек загінулі і тысячы атрымалі раненні ў выніку землятрусу, што 6 лютага адбыўся на памежжы Турцыі і Сірыі. Пра гэта паведамляе «Reuters».

Пошукава-ратавальныя працы пасля землятрусу магнітудаю 7,4 у Кахраманмарашы, Турцыя. Фота: Adsiz Gunebakan / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Прэзідэнт Турцыі Таіп Эрдаган заявіў, што загінулі 912 асобаў, 5383 атрымалі раненні, 2818 будынкаў абрынуліся. Ён не можа прадказаць, наколькі ўзрасце колькасць ахвяраў, бо пошукава-ратавальныя працы працягваюцца.

Мужчына плача ля разбуранага дому ў Дыярбакыры, Турцыя. Фота: Ilyas Akengin / AFP / East News
Ратавальнікі шукаюць людзей пасля землятрусу магнітудаю 7,4, які адбыўся ў мясцовасці Асманіе, Турцыя. Фота: Muzaffer Cagliyaner / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum
Двое параненых мужчынаў і дзіця атрымліваюць лячэнне ў больніцы пасля землятрусу ў кантраляванай паўстанцамі сірыйскай правінцыі Ідліб на мяжы з Турцыяй. Фота: Aaref Watad / AFP / East News

Міністэрства аховы здароўя Сірыі заявіла, што больш за 326 чалавек загінулі і 1042 былі параненыя. Ратавальнікі ў раёнах Сірыі, што пад кантролем паўстанцаў, кажуць пра 147 загінулых.

Пошукава-ратавальныя працы ў Газі’Антэпе, Турцыя. Фота: Adsiz Gunebakan / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum
Ратавальнікі спрабуюць вызваліць хлопчыка з-пад абломкаў у памежным з Сірыяй Азазе на апоўначы правінцыі Алепа, што пад кантролем паўстанцаў. Фота: Nayef Al-Aboud / AFP / East News
Ратавальнікі нясуць хлопчыка, якога яны дасталі з-пад завалаў будынку пасля землятрусу. Ідліб, Сірыя. Фота: Aaref Watad / AFP / East News

Моцныя пашкоджанні і ў турэцкім горадзе Газі’Антэпе. Штуршкі адчуваліся таксама на Кіпры і ў Ліване, дзе паведамлялі пра разбурэнні.

Абломкі будынку пасля землятрусу. Ідліб, Сірыя. Фота: Muhammed Said / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum
Мужчына нясе дзяўчынку пасля землятрусу ў кантраляваным паўстанцамі горадзе Джындырэс, Сірыя. Фота: Khalil Ashawi / Reuters / Forum
Пошукава-ратавальная аперацыя на абломках будынку пасля землятрусу. Хатай, Турцыя. Фота: Sezgin Pancar / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Паводле Геалагічнай службы ЗША, землятрус адбыўся на глыбіні 17,9 км і меў магнітуду 7,8. Паведамляюць пра серыю штуршкоў, адзін з іх быў магнітудаю 6,7.

«Спалучэнне вялікай магнітуды і малой глыбіні зрабіла гэты землятрус надзвычай разбуральным», – сказаў Мугамэд Кашані, дацэнт кафедры структурнай і сейсматрывалай інжынерыі Саўтгэмптанскага ўніверсітэту.

Гэта быў наймацнейшы землятрус у Турцыі з 1999 года, піша «Reuters». Тады землятрус аналагічнай моцы разбурыў Ізміт і густанаселены ўсходні рэгіён Мармуровага мора недалёка ад Стамбулу, у выніку чаго загінулі больш як 17 тысячаў чалавек. У сваю чаргу прэзідэнт Турцыі Эрдаган назваў землятрус наймацнейшым з 1939 года.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны