Як Турцыя перажывае наймацнейшы за 90 гадоў землятрус

Два наймацнейшыя землятрусы адбыліся на паўднёвым усходзе Турцыі. Колькасць загінулых ужо ідзе на тысячы, параненых – яшчэ больш. Наш калега, журналіст «Вот Так» Арсеній Веснін, які знаходзіцца ў Турцыі, назірае, як краіна перажывае катастрофу.

Збор для пацярпелых ад землятрусу ў горадзе Фініке, Турцыя. 6 лютага 2023 года. Фота: Вот Так

У горадзе Фініке на поўдні Турцыі жыве крыху менш за 50 тысяч чалавек. З самай раніцы людзі пацягнуліся да будынку мясцовай адміністрацыі, каб высветліць, чым яны могуць дапамагчы пацярпелым. Адсюль да Газіантэпу, дзе ўначы адбыўся наймацнейшы землятрус, больш за 600 кіламетраў – на гэты раз фінікійцам (так жартаўліва называюцца сябе рускамоўныя жыхары Фініке) пашанцавала: падземных штуршкоў ніхто не адчуў.

Пра тое, наколькі разбуральнымі могуць быць землятрусы, у курсе ўся Турцыя: у краіне няма ніводнага гораду, які перыядычна б не трэсла. Многія яшчэ памятаюць катастрофу 1999 года, калі ў Стамбуле і наваколлях загінулі амаль 18 тысяч чалавек.

«Хопіць вады, патрэбны коўдры!» – крычыць кіроўца адной з фур, якую прыгналі да будынку фінікійскага муніцыпалітэта. Рускамоўная дзяўчына Вольга разумее па-турэцку, яна хутка перакладае яго словы і паказвае на краму, у якой можна купіць цёплыя пледы. Як і многія іншыя расейцы, якія ўцяклі ў Турцыю, яна прыйшла даведацца, як можна дапамагчы пацярпелым. У Адане – горадзе, які таксама моцна пацярпеў ад начнога землятрусу – у Вольгі жывуць сябры.

Разбуральная катастрофа

Першыя, самыя магутныя штуршкі магнітудай 7,7 адбыліся каля чатырох гадзін раніцы па менскім часе. Эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся непадалёк ад гораду Газіантэпе. Відавочцы расказваюць, што многія будынкі складаліся, як картачныя домікі. Колькасць загінулых у выніку землятрусу на паўднёвым усходзе Турцыі пастаянна расце. У 21:00 (па Менску) паведамлялася аб 1651 ахвяры ў Турцыі і 968 загінулых у Сірыі. Колькасць параненых людзей і разбураных дамоў ідзе на тысячы.

Збор вады для пацярпелых ад землятрусу ў горадзе Фініке, Турцыя. 6 лютага 2023 года. Фота: Вот Так

Тэмпература ў Газіантэпе вагаецца ў раёне 0 градусаў. Менавіта таму людзі па ўсёй Турцыі збіраюцца ў якасці гуманітарнай дапамогі цёплыя рэчы і коўдры.

«У нас разбурыліся сцены ў спальні, мы паспелі выбегчы. Я была ў піжаме, людзі вакол – таксама амаль без адзення», – распавяла «Вот Так» жыхарка Газіантэпу Людміла. Яна, як і многія іншыя, ужо больш за 12 гадзін грэецца ў машыне. «У нас поўны бак, але што рабіць, калі ён скончыцца, мы не ведаем, на вуліцы вельмі холадна», – тлумачыць жанчына.

Пагроза новых, больш магутных штуршкоў расце. Па турэцкім тэлебачанні перадаюць словы японскіх сейсмолагаў, якія гавораць, што за апошнія гады землятрусы ў Турцыі пачасціліся: зараз у краіне іх больш, чым у Японіі. У хуткім часе навукоўцы чакаюць сур’ёзны землятрус у раёне Мармуровага мора, які абмывае набярэжныя Стамбула.

Другая хваля

Звычайна землятрус доўжыцца не больш за хвіліну. У гэты момант трэба паспець выбегчы з дому. Вяртацца ў будынак пасля моцнага штуршку ні ў якім разе нельга – ён можа абрынуцца нават пасля таго, як землятрус ужо скончыўся. Так і адбылося ў Газіантэпе, адзін з дамоў там разваліўся літаральна за секунды.

Больш за тое, землятрус можа вярнуцца – так адбылося і ў гэты раз. Прыкладна ў гадзіну дня ўсход Турцыі зноў страсянула: сейсмолагі зафіксавалі штуршок магнітудай 7,5. Яго адчулі нават у Батумі. На гэты раз удар прыпаў яшчэ на ўсход, эпіцэнтр знаходзіўся побач з горадам Дыярбакыр. Мясцовы тэлеканал вёў трансляцыю з вуліц, дамы падалі ў прамым эфіры.

Крыніца: vot-tak.tv

Разбуранымі аказаліся і культурныя помнікі. Мячэць у турэцкім горадзе Малатья, лаціна-каталіцкая царква ў правінцыі Хатай і знакаміты рымскі замак VI стагоддзя ў правінцыі Газіантэпе ператварыліся ў руіны. Аднавіць іх ужо не ўдасца.

Палітычны кантэкст

ЗША, Вялікая Брытанія, Ізраіль, Расея, Беларусь і Кітай прапанавалі Турцыі дапамогу ў ліквідацыі наступстваў катастрофы. Трагедыя можа стаць падставай для ўрэгулявання адносін паміж Сірыяй і Турцыяй, адзначае прэзідэнт Расейскай Блізкаўсходняй Асацыяцыі Мурад Садыгзадэ.

«На гэтай глебе адкрываецца магчымасць для сур’ёзнага кроку паміж Анкарой і Дамаскам, сумесная праца па ліквідацыі наступстваў катастрофы маглі б зблізіць краіны і запусціць паўнавартасны працэс нармалізацыі адносін. Гэта выгадна як Эрдагану (вырашэнне праблемы бежанцаў, бліжэйшыя выбары, магчымасць супрацьдзеяння курдскім сілам разам з Дамаскам), так і Асаду (легітымізацыя яго ўлады з боку буйнога рэгіянальнага гульца, эканамічнае ўзаемадзеянне ў святле крызісу ў краіне і зніжэнне напалу ўнутранага канфлікту)», – піша ён.

Адметна, што ад дапамогі Ілона Маска, які прапанаваў паставіць у Турцыю тэрміналы Starlink, якія забяспечваюць працу спадарожнікавага інтэрнэту, турэцкія ўлады адмовіліся.

У траўні ў Турцыі пройдуць прэзідэнцкія выбары, Рэджэп Эрдаган, паводле апошніх апытанняў, прайграе сваім канкурэнтам. Тое, наколькі хутка краіна зможа ачуняць, можа паўплываць на вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Эрдаган ужо назваў тое, што адбылося самай сурʼёзнай катастрофай з часоў 1939 года: тады падчас землятрусу загінулі больш за 30 тысяч чалавек.

Арсеній Веснін, Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны