Кыргызстан экстрадаваў беларуса, які атрымаў ва Украіне статус уцекача

Беларуса Уладзіміра Кадарыю экстрадавалі ў Менск з Кыргызстану. Раней ён звяртаўся да прэзідэнта краіны Садыра Жапарава з просьбаю не выдаваць яго ўладам Беларусі. Пра гэта распавёў адвакат беларуса Аўтандыл Алімжанаў выданню «The Insider».

Уладзімір Кадарыя (Андрэй Кавалёў). Крыніца: theins.ru

Адвакат паведамляе, што 4 сакавіка Уладзіміра Кадарыю вывезлі з Бішкекскага СІЗА № 1 і перадалі беларусім сілавікам. Абаронца беларуса лічыць ягоную экстрадыцыю парушэннем Кыргызстанам міжнароднага заканадаўства.

Вядома, што Уладзімір Кадарыя звяртаўся да прэзідэнта Кыргызстану Садыра Жапарава з просьбаю не выдаваць яго ўладам Беларусі. У звароце ён расказаў, што ўцёк з Беларусі ва Украіну ад палітычнага пераследу і атрымаў там грамадзянства. У Беларусі Уладзімір адміністраваў інтэрнэт-рэсурс, што публікаваў апазіцыйныя матэрыялы.

У 2009 годзе Кадарыя ўцёк ва Украіну, у 2017 годзе атрымаў статус уцекача, пасля змяніў грамадзянства на ўкраінскае і памяняў сваё імя з Андрэя Кавалёва на Уладзіміра Кадарыю. Нягледзячы на гэта, Генеральная пракуратура Кыргызстану ўсё роўна прызнае яго грамадзянінам Беларусі і лічыць рашэнне аб выдачы законным.

У жніўні 2022 года Кадарыя прыехаў у Кыргызстан, а ў верасні яго затрымалі на запыт Беларусі. Тады мужчына звярнуўся па атрыманне статусу ўцекача ў Кыргызстане і атрымаў адпаведнае пасведчанне 9 снежня. Аднак праз тры дні суд у Бішкеку пастанавіў яго экстрадаваць.

Уладзімір Кадарыя ў судзе. Крыніца: azattyk.org

Выданне «Фергана» адзначае, што ў звароце да Жапарава змяшчаецца наступная рэмарка, верагодна, ад адваката Кадарыі:

«Усё гэта выклікае нейкае здзіўленне. Асоба, якая раней жыла ў Рэспубліцы Беларусь, выязджае з гэтай краіны і атрымлівае статус уцекача, бо пераследуецца ў Беларусі з палітычных матываў, а нашыя доблесныя органы выдаюць яе гэтай краіне. Няўжо цяжка згадаць да болю знаёмы выпадак, калі Кыргызская Рэспубліка патрабавала і патрабуе выдаць шэраг асобаў, прызнаных вінаватымі ў шэрагу крымінальных справаў, а ўлады Беларусі з асобым цынізмам сцвярджаюць, што гэтыя асобы пераследуюцца з палітычных матываў, а не з крымінальных».

Імаверна, гаворка пра былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева і ягоных блізкіх, якія ўцяклі з краіны ў Беларусь пасля крывавай рэвалюцыі ў 2010 годзе. У Кыргызстане іх завочна прыгаварылі да працяглых тэрмінаў зняволення.

Прадстаўнік Управы вярхоўнага камісара ААН у справах правоў чалавека ў Цэнтральнай Азіі Фаб’ё П’яна і прадстаўнік Управы вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў Ганс Фрыдрых Шодэр скіравалі звароты ў Генеральную пракуратуру Кыргызстану. Яны адзначылі, што рашэнне экстрадаваць Кадарыю парушае Канвенцыю аб статусе ўцекачоў, да якой далучыўся Кыргызстан, а таксама нацыянальнае заканадаўства, якое датычыць уцекачоў, і заклікалі не выконваць патрабавання ўладаў Беларусі.

Варта адзначыць, што ў апублікаваным звароце беларуса да прэзідэнта Кыргызстану згадваецца: запыт беларускага боку звязаны з крымінальным пераследам не паводле «палітычнага» артыкулу, а паводле ч. 4 арт. 212 КК Беларусі («Крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі, учынены арганізаванаю групай або ў асабліва буйным памеры»). Аднак гэта можа быць толькі падставаю для выдачы.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны