Салдат тэрміновай службы адкрыў страляніну ў вайсковай частцы ў Курскай вобласці. Адзін чалавек загінуў

У ноч на 6 сакавіка 22-гадовы вартаўнічы адкрыў страляніну ў вайсковай частцы, часова размешчанай у Суджанскім раёне Курскай вобласці, піша тэлеграм-канал «ASTRA». У выніку адзін чалавек загінуў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі салдат з аўтаматам Калашнікава. Крыніца: anna-news.info

Малады чалавек, які адкрыў агонь, праходзіў тэрміновую службу. Папярэдне вядома, што, знаходзячыся на сваім пасту, ён пачуў падазроныя гукі і крыкнуў: «Стой, хто ідзе» – але адказу не было. У выніку салдат пачаў страляць на паражэнне з аўтамата Калашнікава.

У выніку пацярпелі двое салдатаў тэрміновай службы, якія ноччу з незразумелых прычынаў падышлі да вартавога посту сваёй вайсковай часткі. Адзін з іх – 19-гадовы салдат тэрміновай службы з Татарстану – загінуў, а другі – 22-гадовы вайсковец з Новасібірску – шпіталізаваны. Абодва вайскоўцы адслужылі пасля набору восем месяцаў.

Афіцыйна гэтыя звесткі пакуль не пацверджаныя.

Таксама ў ноч на 6 сакавіка ў Новасібірску спрабавалі падпаліць цэнтр збору гуманітарнай дапамогі вайскоўцам. У будынку разбілі акно і кінулі ўсярэдзіну падпаленую анучу, паведамляе мясцовы тэлеграм-канал«НаОбьГЭСе». Пры спробе падпалу спрацавала сігналізацыя, агонь патушылі ахоўнікі.

Каля тыдня таму гэты рэсурсавы цэнтр таксама спрабавалі падпаліць, але спроба таксама не ўдалася.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны