На Гомельшчыне ліквідуюць грамадскае абʼяднанне «Наследие Полесья», якое аднаўляла ў вобласці гістарычныя абʼекты, у тым ліку манастыр у Мазыры. Аб гэтым паведамляе «Гомель штодзень».
7 красавіка ў Гомельскім абласным судзе адбудзецца суд па прымусовай ліквідацыі гісторыка-культурнага грамадскага аб’яднання «Наследие Полесья». Стваральнік аб’яднання – Аляксандр Баранаў – аднаўляў манастыр у Мазыры.
У 2017 годзе Баранаў выкупіў у райвыканкама комплекс пабудоў мужчынскага манастыру цыстэрцыянаў і касцёл. Яшчэ ў канцы 19 стагоддзя касцёл быў перароблены пад запалкавую фабрыку. У пачатку 20 стагоддзя замест запалак тут пачалі выпускаць мэблю. Аднак у найноўшы час мэблевая фабрыка збанкрутавала, і яе будынак выставілі на аўкцыён, дзе комплекс і набыў прадпрымальнік Аляксандр Баранаў.
Ён стварыў у комплексе культурную прастору «Даліна анёлаў», дзе праводзіліся экскурсіі, прэзентацыі кніг, канцэрты і майстар-класы. Планавалася, што гэта будзе шматфункцыянальны цэнтр. Таксама ў планах прадпрымальніка было аднавіць касцёл.
Паводле звестак тэлеканалу «Мазыр», праект развіцця комплексу манастыру мясцовая ўлада раней разглядала як адзін са сродкаў развіцця турыстычнага патэнцыялу раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі Чарнобыльскай АЭС. У 2019 годзе тут пабывала дэлегацыя замежных медыяў і праграмы развіцця Арганізацыі Абʼяднаных Нацый.
Паведамляецца, што ўжо ў 2019 годзе – праз два гады пасля таго, як прадпрымальнік набыў комплекс – «Даліна анёлаў» стала месцам сустрэч і зносін, з дапамогай валанцёраў і за ўласныя сродкі вялася работа па аднаўленні спадчыны, сродкі збіраліся і праз краўдфандзінгавыя пляцоўкі.
Антон Тачняк belsat.eu