Скарынаўская бібліятэка ў Лондане стварае Музей Адраджэння і запрашае да ўдзелу ўсіх ахвочых

Скарынаўская бібліятэка ў Лондане абвесціла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра пачатак рэканструкцыі аднаго са сваіх памяшканняў, у якім размесціцца новы Музей Адраджэння. Бібліятэка будзе радая любой дапамозе ў рэалізацыі праекту.

Экспазіцыя ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. Фота: Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London / Facebook

Музей Адраджэння будзе апавядаць пра беларускую гісторыю і культуру з канца ХІХ стагоддзя і да сённяшніх дзён. Экспанаты музею будуць выстаўленыя не толькі ў адрэканструяванай залі, але і ў віртуальнай прасторы.

«Мы запрашаем усіх нашых сяброў і добразычліўцаў далучыцца да гэтага амбітнага праекту», – гаворыцца ў абвестцы.

Вы можаце:

  • падтрымаць праект фінансава (дэталі можна знайсці тут);
  • перадаць экспанаты для музею;
  • дапамагчы з алічбоўкай дакументаў;
  • прафэсійна фатаграфаваць экспанаты;
  • рэдагаваць артыкулы для вэбсайту музею;
  • паўдзельнічаць у будаўніцтве і прыборцы.

Усіх зацікаўленых просяць пісаць па адрасе: library@skaryna.org.uk

Беларуская мастачка стала лаўрэаткай конкурсу ілюстрацый у Вялікай Брытаніі

Беларуская бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны – грамадска-культурны асяродак у Лондане. Адкрылася ў 1971 годзе. У 1979 годзе атрымала статус «незалежнай навукова-харытатыўнай установы» і з’яўляецца «уласнасцю ўсіх беларусаў».

Бібліятэка адкрытая для ўсіх, хто цікавіцца беларусістыкай незалежна ад нацыянальнасці. Аб’ядноўвае беларускіх эмігрантаў і брытанскіх вучоных-беларусістаў. Існуе пераважна на ахвяраванні.

Бібліятэка і музей займаюць 8 пакояў, у якіх захоўваецца каля 40 тысяч тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў. Сярод іх – фрагмент першай кнігі «Царствы» Скарыны, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, рэдкія беларускія выданні, надрукаваныя ў Куцейне, Вільні і Супраслі, першадрукі зборнікаў Багдановіча, Буйло, Купалы і інш.

Беларусь расказала UNESCO пра каштоўнасць культуры беларускага дударства

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны