Данос – гэта можа быць нармальна? Псіхолаг распавёў, чаму людзі даносяць

Каля 40 тысяч зваротаў у КДБ, выкладзеныя кіберпартызанамі ў сеціва, выклікалі шок. Няўжо ў Беларусі гэтак шмат даносчыкаў? Пры дэталёвым разглядзе зваротаў аказалася, што далёка не ўсё там даносы. Напрыклад, шмат хадайніцтваў за Віктара Бабарыку пасля ягонага арышту. Аднак ёсць і мэтанакіраваныя скаргі: і на платформу ўзаемадапамогі «Ulej» Эдуарда Бабарыкі, і на Рамана Пратасевіча, бо нібыта ваяваў на Данбасе. «Белсат» пагаварыў з псіхолагам і даведаўся, чаму людзі даносяць і ці заўсёды гэта дрэнна.

Будынак КДБ у Менску, Беларусь. Фота: Белсат

Калі вы паведамілі пра хатні гвалт, гэта данос?

Каб зразумець, чаму людзі даносяць, трэба разабрацца, што такое данос і як гэта ўспрымаецца рознымі людзьмі.

«Калі мы кажам данос, то, як правіла, маем на ўвазе негатыўную з’яву, – кажа псіхолаг Васіль Пронь. – Калі глядзець на прыклад еўрапейскіх краінаў, наколькі я сутыкаўся з гэтым, то грамадзяне могуць часта звяртацца да дзяржавы ў пытаннях невыканання якіх-небудзь правілаў. Даволі вядомы ў свой час быў прыклад Нямеччыны пра тое, што там да таго законапаслухмяныя грамадзяне на цябе данясуць, калі ты нешта не тое каля свайго дому зрабіў. Стаўленне грамадзянаў з постсавецкай прасторы да гэтага было негатыўнае: маўляў, немцы такія – даносяць.

Негатыўна гэта ў рэчаіснасці ці не? Ёсць рэчы, пра якія людзі ўсё ж маюць паведамляць праваахоўным або іншым органам. Напрыклад, побач з вамі адбываецца хатні гвалт. Вы тэлефануеце ў міліцыю. Данос гэта ці не?»

Гаворачы пра нейкае паведамленне дзяржаве, трэба вызначыцца з мяжою, калі гэты зварот прыносіць карысць грамадству, а калі – шкоду.

«Яшчэ важна, ці дзеіць дзяржава ў інтарэсах грамадства. Вядома, няма ідэальных краінаў. Анархісты казалі б, што ў любым выпадку дзяржава – гэта зло. Але калі параўноўваць Нямеччыну і сучасную Беларусь, то ў Нямеччыне быццам бы, калі грамадзянін звяртаецца да дзяржавы, ён выконвае сваю частку грамадскай адказнасці, каб дзяржава выконвала сваю частку адказнасці перад грамадствам.

І гэта ўпіраецца ў тое, што дзяржаве дэлегаваныя правы на сілу, якая можа выкарыстоўвацца ў дачыненні грамадзянаў. У дэмакратычных краінах усё робіцца паводле закону і, здаецца, у інтарэсах грамадства. Напрыклад, чалавек у Еўропе выкінуў смецце дзесьці не там. Гэта нібыта ягоная асабістая справа, але ён пашкодзіў экалогію – важную рэч для ўсяго грамадства. Таму ягоны сусед паінфармаваў пра яго. Прыехала экалагічная служба і выпісала штраф. У разуменні еўрапейцаў гэта не данос, а грамадзянская адказнасць. У Беларусі да такой жа зʼявы стаўленне негатыўнае», – разважае суразмоўца.

«Нясуць інфармацыю разладу», «фабрыка фальшывых чутак»: што пра «Белсат» пісалі ў КДБ?

Права не заўсёды роўнае сумленню

На думку псіхолага, у Беларусі да даносаў ставяцца негатыўна, бо на ўсёй прасторы былой Расейскай імперыі існуе супярэчнасць паміж правам і сумленнем:

«Калі ў заходняй логіцы права абслугоўвае сумленне, то ў нашай прасторы доўгі час кожнаму чалавеку трэба было трымаць у сваёй галаве, што легальна і паводле правілаў, а што – паводле сумлення. І гэтыя дзве рэчы не супадалі. Праз прызму гэтых абставінаў трэба разглядаць тэму даносаў».

А чаму ўзнікае падзел паміж правам і сумленнем?

«У нас права выконвае іншую ролю, чымся ў заходнім грамадстве. Дзяржава адстойвае не правы грамадства, як мы б таго жадалі, а забяспечвае сябе нейкімі дабротамі за кошт сілавых механізмаў. І калі мы гаворым пра даносы, улады заахвочваюць грамадзянаў рабіць гэта. З пункту гледжання ўлады гэта прававы механізм, правільны.

Атрымліваецца, данос можа быць абсалютна прававым механізмам звароту да ўлады. Само па сабе гэта паведамленне дзяржаве нейкай інфармацыі. Але калі зʼяўляецца пласт сумлення, узнікае ацэнка: негатыўная гэта зʼява ці не. Бо ў нашым выпадку дзяржава дзеіць супраць грамадства, прынамсі большай ці значнай яго часткі», – працягвае Васіль Пронь.

«Трэба раздзяляць тых, хто звяртаўся ў КДБ да жніўня 2020 года і пасля». Хто і чаму прапаноўваў КДБ супрацу?

Што ж прымушае людзей даносіць? Рэч у тым, што ў розных людзей – розныя сістэмы каштоўнасцяў, мяркуе псіхолаг:

«Яшчэ да 2020 года сацыёлагі, з якімі я размаўляў, казалі, што можна вылучыць як мінімум чатыры тыпы беларусаў. Гэта савецкі чалавек, чалавек свету, празаходні чалавек і чалавек, які жыве ідэяй нацыянальнага адраджэння Беларусі. Гэта спрошчаная карціна, бо ментальнасцяў значна больш. І ў кожнай гэтай ментальнасці сваё разуменне і беспасярэдняя рэалізацыя сумлення.

“Савецкі грамадзянін” глядзіць, што адбываецца нешта празаходняе, што парушае лукашэнкаўскую стабільнасць. У ягоным разуменні сумлення ён нічога дрэннага не робіць, калі піша данос. Ён быццам дапамагае абараняць сваю краіну. У яго няма ніякага нутранога канфлікту.

Разам з тым часта такі чалавек аддае перавагу рабіць гэта не публічна, бо яго ж запалохваюць, што яму прыляціць граната, камень ці яшчэ нешта ў агарод. Савецкі чалавек – гэта пра тое, што ён шэрая адзінка. Ён здымае з сябе адказнасць».

Хто і за што ў 2019–2020 гадах пісаў даносы ў КДБ на Бабарыку, Цапкалу і Ціханоўскага

Скаргі ў ЦВК – гэта таксама данос?

Іншыя могуць пісаць даносы з карыслівых меркаванняў. Напрыклад, каб зліквідаваць канкурэнтаў або прыстрашыць нялюбага суседа.

«У гэтых сумленне ўжо можа варушыцца, але дзесьці глыбока. Яны гэта апраўдваюць карысцю, якую з гэтага атрымліваюць. І спасылаюцца на легальнасць», – працягвае суразмоўца.

Таксама ідэйныя людзі могуць пісаць даносы на іншых ідэйных людзей. Гэта могуць быць людзі з аднаго лагеру, але з рознымі поглядамі. Напрыклад, «інфаказачка» Вольга Бондарава напісала данос на прадстаўніцу «Белай Русі» Святлану Вараніцу. Празаходнія людзі таксама могуць спрабаваць выкарыстаць гэты інструмент супраць прыхільнікаў рэжыму.

«У апошнім выпадку такая хітрасць: мы вас вашым жа інструментам прыціснем, каб вы захлынуліся ў сваіх жа разборках з даносамі. Добры прыклад – шматлікія скаргі ў ЦВК у 2020 годзе. Ідэя была перамагчы бюракратычную машыну бюракратыяй. Але ўлады сказалі спачатку, што “не да законаў”, а потым сталі мяняць законы.

Вядома, каб зразумець, што дакладна адбываецца ў Беларусі, трэба вывучыць і структураваць даносы, якія зрабіліся даступныя ўсім. Але ўвогуле данос – гэта проста інструмент. Могуць быць розныя мэты яго выкарыстання, і гэта ўжо па-рознаму можа характарызаваць беларусаў», – заключае Васіль Пронь.

Не ўсё тое даносы, што пішуць у КДБ, але педагагічны эфект можа быць. Эксперты пра зліў ад «Кіберпартызанаў»

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны