«Рэжым Лукашэнкі значна менш стабільны, чым здаецца». Святлана Ціханоўская – пра змены ў Беларусі і тое, як трэба да іх рыхтавацца

Святлана Ціханоўская 6 траўня наведала Коўна, дзе ўсклала кветкі на магілу Дуж-Душэўскага і выступіла з лекцыяй пра рэгіянальную стабільнасць і бяспеку ва Універсітэце Вітаўта Вялікага. Сярод іншага, абраная прэзідэнтка Беларусі падзялілася трыма сцэнарамі пераменаў у краіне. 

Святлана Ціханоўская. Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Падчас свайго візіту Святлана Ціханоўская наведала Пятрашунскія могілкі ў Коўне, дзе пахаваны Клаўдзій Дуж-Душэўскі, і ўсклала кветкі на ягоную магілу. Клаўдзій Дуж-Душэўскі – вядомы беларускі дзеяч БНР, дыпламат і журналіст. Ён лічыцца аўтарам бел-чырвона-белага сцяга.

Пазней Святлана Ціханоўская выступіла ва Універсітэце Вітаўта Вялікага з лекцыяй пра бяспеку ва Усходняй Еўропе, адказала на пытанні студэнтаў, сярод якіх было шмат украінцаў, беларусаў і літоўцаў. Сустрэча працягвалася больш за дзве гадзіны. Падчас дыскусіі ўзнялі пытанні і бяспекі рэгіёну, і палітвязняў, і праезных дакументаў для беларусаў, і сцэнары зменаў у Беларусі.

У сваім выступе Святлана Ціханоўская адзначыла, што «сітуацыю ў Беларусі нельга разглядаць асобна ад таго, што адбываецца ў рэгіёне».

Акрамя іншага, Святлана Ціханоўская распавяла пра магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі.

Сцэнар першы. Украіна перамагае ў вайне, а Беларусь атрымлівае яшчэ адзін гістарычны шанц.

«Чым слабейшы Пуцін, тым слабейшы Лукашэнка. Без расейскага падтрымання рэжым Лукашэнкі не зможа ўтрымаць уладу, што адкрывае для нас акно магчымасцяў. Таму ў нашых нацыянальных інтарэсах дапамагчы Украіне перамагчы ў гэтай вайне», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Сцэнар другі. Кампраміс або замарожаны канфлікт. 

«Гэта сцэнар, якога мы хочам пазбегчы. У такой сітуацыі ёсць рызыка, што статус-кво ў Беларусі захаваецца – і Беларусь застанецца пад кантролем Расеі. У абодвух дыктатараў з’явіцца час кансалідаваць іхныя сілы, каб падрыхтавацца да наступнага нападу. Такі сцэнар небяспечны не толькі для беларускай незалежнасці, але і для рэгіянальнага міру», – перакананая Святлана Ціханоўская.

Сцэнар трэці. Змены ў Беларусі адбудуцца раней за перамогу Украіны.

«Рэжым Лукашэнкі значна менш стабільны, чым здаецца. Мы не ведаем, што можа стаць трыгерам – эканамічны крызіс, грамадская незадаволенасць або раскол элітаў. Нават адсутнасць дыктатара на некаторы час стварае вакуум улады і паралізуе сістэму. Гэтыя змены могуць змяніць усю гульню», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Яна дадала, што ва ўсіх трох сцэнарыях шмат зменных.

«Мы не ведаем, як і калі адбудуцца змены. Але мы мусім быць гатовыя захапіць магчымасць, калі яна з’явіцца. Ёсць рэчы, якія мы мусім рабіць, незалежна ад развіцця сітуацыі. Мы мусім падтрымаць Украіну. Трэба ціснуць на дыктатараў. Мы мусім умацоўваць нашае грамадства і наш супраціў. Мы мусім захаваць адзінства дэмакратычных сілаў. Мы таксама мусім умацоўваць дэмакратычныя сілы ў самой Беларусі. Калі зʼяўляецца акно магчымасцяў, дэмакратычныя сілы мусяць быць падрыхтаваныя і дастаткова моцныя, каб атрымаць уладу і павярнуць Беларусь да дэмакратыі», – сказала Святлана Ціханоўская.

Паводле яе, відавочна, што таксама знойдуцца сілы, зацікаўленыя ў захаванні дыктатарскай сістэмы і ўтрымання Беларусі ў расейскай арбіце, але мы не можам гэтага дапусціць.

«Беларускія дэмакратычныя сілы ўжо прадэманстравалі паслядоўнасць і свой фокус. Мы абʼяднаныя і мы развіваемся. Мы працягваем працаваць, больш старанна і таемна. Мы мусім быць у стане прапанаваць жыццяздольную альтэрнатыву рэжыму і расейскаму свету. Альтэрнатыву, прывабную для людзей.

У нас ужо сфармаваныя альтэрнатыўныя інстытуты ўлады, такія як Абʼяднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада. І мы настойліва працуем над міжнародным прызнаннем гэтых установаў як дэмакратычнай альтэрнатывы нелегітымнаму рэжыму. Таксама мы мусім пераканацца, што людзі ўнутры краіны падтрымліваюць нас. Таму вельмі важна ўмацоўваць сувязі паміж людзьмі, мабільнасць, незалежныя СМІ і нацыянальную ідэнтычнасць. Мы таксама мусім вызначыць і мець зносіны з тымі саюзнікамі, якія працуюць у сістэме. Каб пераканацца, што калі прыйдзе момант, яны будуць на нашым баку.

Недастаткова проста ізаляваць і санкцыянаваць дыктатараў. Мусіць таксама быць ціск знутры. І ніхто, акрамя беларусаў унутры краіны, гэтага не можа зрабіць», – перакананая Святлана Ціханоўская.

«Выжыць і стварыць структуры». Што можна проста зараз рабіць для пераменаў у Беларусі?

Яна дадала, што перамены ў Беларусі – грамадзянская задача саміх беларусаў. Ад дэмакратычных краінаў яна просіць падтрымаць намаганні дэмакратычных сілаў.

«Мы хочам вярнуцца ў еўрапейскую сямʼю, дзе нам гістарычна і трэба быць. Гэта гаворка і пра нашыя агульныя каштоўнасці, і пра бяспеку, і пра незалежнасць. Мы разумеем, што сяброўства ў ЕЗ зойме час, але калі змены адбудуцца, мы хочам пераканацца, што еўрапейскія дзверы для нас адчыненыя.

Я веру, што Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху – пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі. Хаця маю краіну часта называюць пагрозай, я прашу бачыць у Беларусі магчымасць. Беларусы заслугоўваюць мірнай, дэмакратычнай і еўрапейскай будучыні, як украінцы, малдаване ці грузіны. І я ўпэўненая, што мы ўсе разам годна пройдзем гэты шлях», – рэзюмавала Святлана Ціханоўская.

Як у Беларусі адбудуцца перамены? Дэмсілы падрыхтавалі чатыры сцэнары

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны