Падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму Уладзімір Пуцін пракаментаваў рашэнне краінаў Захаду дазволіць Украіне выкарыстоўваць заходнюю зброю супраць аб’ектаў на тэрыторыі РФ.
Адказваючы на пытанне журналістаў, Уладзімір Пуцін спачатку пусціўся ў развагі пра тое, што сістэмы залпавага агню далёкасцю 70 км нібыта выкарыстоўваюцца ўжо даўно (насамрэч дазвол на выкарыстанне РСЗА HIMARS супраць аб’ектаў у РФ амерыканцы далі ў канцы траўня 2024 года). Што тычыцца ракетаў ATACMS далёкасцю 300 км, то ЗСУ, паводле Пуціна, могуць выкарыстоўваюць гэтую зброю толькі пры наяўнасці выведных звестак з амерыканскіх спадарожнікаў (насамрэч у ЗСУ пакуль увогуле няма дазволу на выкарыстанне ATACMS у РФ). Такім чынам, на думку расейскага кіраўніцтва, фактычна адказнасць за ўдары гэтай і аналагічнай дальнабойнай зброяй ляжыць на «заходніх спецыялістах».
«Мы думаем на тэму таго, што калі хтосьці лічыць магчымым перадаваць такую зброю ў зону баявых дзеянняў для нанясення ўдараў па нашай тэрыторыі і стварэння праблемаў для нас, то чаму ў нас няма права перадаваць нашую зброю такога ж класу ў тыя рэгіёны свету, дзе будуць наносіцца ўдары па адчувальных аб’ектах тых краінаў, якія робяць гэта ў адносінах да Расеі. Гэта значыць, адказ можа быць сіметрычным. Мы над гэтым падумаем», – цытуе Пуціна ягоная прэс-служба.
Расейскі кіраўнік пры гэтым не патлумачыў, куды канкрэтна Расея можа адправіць сваю зброю «такога ж класу».
Паводле Пуціна, такія дзеянні краінаў Захаду «будуць канчаткова разбураць міжнародныя адносіны і будуць падрываць міжнародную бяспеку».
«У канчатковым выніку, калі мы бачым, што гэтыя краіны ўцягваюцца ў вайну супраць нас, а гэта і ёсць іх наўпроставы ўдзел у вайне супраць Расейскай Федэрацыі, то мы пакідаем за сабой права дзеяць аналагічным чынам. Але, увогуле, гэта шлях да вельмі сурʼёзных праблемаў», – зазначыў ён.
Нагадаем, на мінулым тыдні Злучаныя Штаты і больш за дзясятак краінаў Еўропы афіцыйна далі Украіне дазвол на выкарыстанне заходняй зброі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Пры гэтым пэўныя абмежаванні для ЗСУ амерыканцы ўсё-ткі пакінулі.
Глеб Нержын belsat.eu