Расейцы прасунуліся на пакроўскім і курахаўскім кірунках. Што вядома?

«Белсат» падводзіць вынікі 834-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 6 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец 24-й механізаванай брыгады ЗСУ рыхтуецца да стральбы са 120-мм мінамёта ў бок расейскіх пазіцыяў у нявызначаным месцы ў Данецкай вобласці, Украіна. 4 чэрвеня 2024 года. Фота: Handout / Press service of the 24th Mechanized Brigade / AFP / East News

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскай вобласці асноўныя баявыя дзеянні ўсё яшчэ лакалізуюцца на двух участках фронту – каля буйнога сяла Лыпці і на тэрыторыі гораду Ваўчанск (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць, што ўкраінскія вайскоўцы контратакуюць, выкарыстоўваючы рэзервы, але істотных зменаў лініі сутыкнення пакуль не фіксуецца.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора» – піша, што ў Ваўчанску баі лакалізуюцца на тэрыторыі Агрэгатнага заводу, а таксама  ў раёне шматпавярховых дамоў. Пры гэтым захоўваецца высокі тэмп прасоўвання войскаў РФ на ўсходзе гораду.

У Лыпцях,  паводле крыніцы, украінцы заканчваюць рыхтаванне да пераходу ў контрнаступ.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» сцвярджае, што пад Лыпцямі ўжо назіраецца пазітыўная дынаміка для Збройных сілаў.

У гэты ж час у Ваўчанску ўкраінскім вайскоўцам удаецца ўтрымліваць пазіцыі і не пускаць ворага ў шматпавярховую забудову. Разам з тым сам горад працягвае руйнавацца пад ударамі расейскай авіяцыі.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны на купянскім і ліманскім кірунках адбілі шэраг атак ворага ў ваколіцах населеных пунктаў Дружэлюбаўка, Петрапаўлаўка, Нэўскае, а таксама на тэрыторыі Сэрэбранскага лясніцтва. 

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» мяркуе, што адноснае зацішша кірунку звязанае з назапашваннем расейцамі рэзерваў для далейшага аднаўлення больш актыўных наступальных аперацыяў.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы ўсё ж занялі больш выгадныя пазіцыі на асобных участках фронту на паўночным усходзе Украіны, а таксама адбілі шматлікія контратакі ЗСУ.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе расейцы атакуюць у ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка і Верхнякаменскае, але істотных поспехаў не маюць.

Вайскоўцы ЗСУ адзначаюць, што зніжэнне актыўнасці супраціўніка ў першую чаргу звязанае з перавагай украінцаў у БпЛА, дзейнасць якіх не дазваляе бяспечна перамяшчацца па фронце.

На краматорскім кірунку Генштаб ЗСУ фіксуе няўдалыя атакі ворага каля населеных пунктаў Клішчыеўка і Іванаўскае.

Сямён Пегаў удакладняе, што тут войскі РФ намагаюцца заняць асноўныя вышыні.

Акрамя гэтага, ваенкар піша пра баі на ўсходніх ускрайках гораду Часаў Яр.

Тым часам канал «Два майора» паведамляе пра ціск расейцаў на флангах гораду, прычым на поўдні, паводле крыніцы, войскі РФ ужо перайшлі канал Сівэрскі Данец – Данбас.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія развіваюць наступ з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

Аналітыкі праекту «Deepstate» адзначаюць прасоўванні расейцаў каля населеных пунктаў Новапакроўскае і Архангельскае.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» піша, што УС РФ пасля масаванага артрыхтавання пачалі штурм паўночнага флангу кірунку: тут яны зайшлі на паўднёвыя ўскрайкі сяла Калінавае, а таксама прасунуліся да цэнтру Новааляксандраўкі. Фіксуе крыніца рух і на ўчастку паміж двума населенымі пунктамі.

Пегаў гаворыць, што на паўднёвым флангу войскі РФ наступаюць у бок Карлаўкі і Яснабродаўкі – тут галоўная задача для расейцаў адкінуць супраціўніка за Карлаўскае вадасховішча.

На курахаўскім кірунку Узброеныя сілы РФ зноў прасунуліся ў Краснагораўцы, але ЗСУ захоўваюць пазіцыі ў паўночнай частцы гораду.

Ніжэй на фронце, паводле Пегава, расейцы цалкам занялі сяло Георгіеўка і цяпер праводзяць у ім зачыстку.

Разам з тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» зняпраўджвае гэтую інфармацыю, пішучы, што ЗСУ кантралююць прынамсі палову Георгіеўкі.

Прарасейскі «Рыбарь» фіксуе баі ў населеным пункце Парасковіеўка і з поўдня ад Касцянтынаўкі.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе войскі РФ штурмуюць паўночныя ўскрайкі сяла Старамаёрскае і поўдзень суседняга ад яго Уражайнага, але істотных прасоўванняў за содні не маюць.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Арэхаў, дзе УС РФ намагаюцца замацавацца на поўначы сяла Работына і палепшыць свае пазіцыі з усходу ад населенага пункту.

У Херсонскай вобласці ідуць баі на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі і на астравах ніжэй па рацэ, але таксама зменаў лініі сутыкнення не адзначаецца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату