Колькасць турыстаў з Расеі вырасла ў Беларусі на 173 %

Колькасць расейскіх турыстаў вырасла ў Беларусі за пяць месяцаў 2023 года на 173 % у параўнанні з аналагічным паказнікам за мінулы год. Пра гэта паведаміла дырэктарка дэпартаменту па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Ірына Варановіч.

Чыгуначны вакзал. Менск, Беларусь. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Цімур Котаў / Белсат

«З Расейскай Федэрацыі за перыяд са студзеня да траўня 2023 года тэмп росту наведванняў павялічыўся на 173 працэнты, гэта даволі высокія лічбы… Мы бачым развіццё не толькі з Масквой і Санкт-Пецярбургам», – паведаміла Ірына Варановіч на прыёме дэлегацыі з Наўгародскай вобласці.

Чыноўніца паінфармавала таксама, што напаўняльнасць беларускіх санаторыяў складае 91 %.

У беларускіх санаторыях, паводле Варановіч, адпачывае на сёння 5 тысяч расейскіх грамадзян. Сцвердзіла, што «абароты набірае» і прамысловы турызм.

Раней намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Алег Андрэйчык паведамляў, што ў 2022 годзе расейцы складалі 96 % усіх турыстаў, якія наведалі Беларусь летась.

Зміцер Міраш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны