Полк Каліноўскага восенню збіраецца правесці канферэнцыю ва Украіне

Падчас II канферэнцыі «Новая Беларусь» прадстаўнік палка Каліноўскага Павел Віллі Кухта заявіў пра тое, што прыблізна ў верасні полк збіраецца правесці канферэнцыю ў Кіеве «дзеля выхаду з крызісу ў беларускім дэмакратычным руху».

Павел Віллі Кухта на II канферэнцыі «Новая Беларусь». Фота: Белсат

У сваім выступе Павел Віллі Кухта адзначыў, што патрэбна перазаснаванне структуры нацыянальнага вызвольнага руху і запэўніў, што полк адкрыты для супрацоўніцтва з усімі дэмакратычнымі сіламі.

«Нашай мэтаю не ёсць стварэнне альтэрнатыўнага цэнтру, а выхад з сістэмнага крызісу і тупіка, у якім знаходзіцца практычна ўсё беларускае грамадства», – сказаў Кухта.

Карэспандэнт «Белсата» звярнуўся да Паўла Віллі Кухты па каментар з нагоды правядзення канферэнцыі і ўдакладніў, як быць тым беларусам, якія захочуць патрапіць на мерапрыемства, бо ёсць праблема з пропускам людзей з беларускім пашпартам праз украінскую мяжу. На гэта Павел Віллі Кухта адказаў, што «полк Каліноўскага гарантуе ўсім беларусам, хто хоча патрапіць на канферэнцыю ў Кіеў: мы дапаможам гэта зрабіць». Ён адзначыў, што ўжо вядзецца падрыхтоўка да правядзення гэтага мерапрыемства, і яно адбудзецца «стоадстокава» ўвосень.

Таксама прадстаўнік палка адказаў, што з канферэнцыі будзе праводзіцца онлайн-трансляцыя.

Павел Віллі Кухта заклікаў сачыць за старонкамі палка Каліноўскага, на якіх неўзабаве з’явяцца ўсе падрабязнасці пра канферэнцыю.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны