Кадыраў адмовіўся ад сваіх слоў пра адстаўку і хоча пайсці на рэкорд кіравання Чачэніяй

Кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Рамзан Кадыраў перадумаў сыходзіць у адстаўку і распавёў у сваім тэлеграм-канале, што мае намер пабіць рэкорд і пратрымацца на чале свайго рэгіёну Расеі яшчэ як мінімум 12 гадоў. Таксама ён заклікаў «пакінуць размовы» аб яго бестэрміновым водпуску і сказаў, што не мае права пакінуць сваю пасаду «проста так», не спытаўшы народу і прэзідэнта.

Рамзан Кадыраў. Фота: radiokp.ru

«Насамрэч проста так сысці я, вядома, не маю права. Народ даверыў мне кіраўніцтва рэгіёнам. І апраўдаць гэты давер – мой святы абавязак. Сысці магу, толькі спытаўшы народ і прэзідэнта Расеі. Таму размовы аб бестэрміновым адпачынку пакінем на будучыню», – сказаў Рамзан Кадыраў.

На мінулым тыдні, 3 верасня, Кадыраў заяўляў, што можа пакінуць сваю пасаду, бо «заседзеўся».

Кадыраў у сацсетках намякнуў, што збіраецца звальняцца са сваёй пасады

Таксама ён нагадаў, што ўзначальвае рэгіён ужо 15 гадоў, аднак рэкорд сярод расейскіх губернатараў – 27 гадоў. Так, былы губернатар Белгародскай вобласці Яўген Саўчанка прабыў на пасадзе з 1993 па 2020 год. «Паглядзім, можа, я перасягну гэты паказчык», – заявіў Рамзан Кадыраў.

Кадыраў узначальвае Чачэнію з 2007 году. У траўні мінулага года ён таксама заяўляў, што можа сысці з пасады кіраўніка рэспублікі, але той жа восенню быў фармальна перавыбраны яшчэ на пяць гадоў. Пра магчымую адстаўку ён гаварыў таксама ў 2016 і 2017 гадах.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны