Акторка Кейт Бланчэт будзе мадэраваць дыскусію з Беларускім свабодным тэатрам пра вайну і дзяцей Украіны

Аўстралійская акторка Кейт Бланчэт будзе мадэраваць панэльную дыскусію «Лісты надзеі» з Беларускім свабодным тэатрам аб уплыве вайны і дыктатуры на ўкраінскіх дзяцей, піша аўстралійскае выданне «Limelight Magazine».

Кейт Бланчэт. Фота: Steven Chee @ DLM.COM_.AU

Дыскусія пройдзе ў лонданскім культурным цэнтры «Barbican Centre» 15 верасня перад прэм’ерай пастаноўкі Беларускага свабоднага тэатру «Дзікае паляванне караля Стаха».

Акторка Кейт Бланчэт, якая выступіць мадэратаркай дыскусіі, ёсць амбасадаркаю добрай волі ААН у справах уцекачоў.

Мікалай Халезін і Наталля Каляда ўганараваныя званнямі чальцоў ордэну Брытанскай імперыі

У дыскусіі будуць удзельнічаць запрошаныя дакладчыцы: заснавальніца «Gen. Ukrainian» Аксана Лебедзева, заснавальніца Беларускага цэнтру салідарнасці Алена Нядзвецкая, мастацкая кіраўніца Беларускага свабоднага тэатру Наталля Каляда. Гэтыя тры арганізацыі падзеляць паміж сабой даходы, атрыманыя падчас дыскусіі.

«Мы радыя вітаць на нашай сцэне Аксану Лебедзеву, Алену Нядзвецкую, Наталлю Каляду і Кейт Бланчэт, каб абмеркаваць гэтае жыццёва важнае пытанне і тое, як падтрымаць дзяцей і маладых людзей, якія найбольш пацярпелі ад вайны», – сказала гендырэктарка «Barbican Centre» Клэр Спэнсэр.

Опера «Дзікае паляванне караля Стаха», пастаўленая сузаснавальнікамі Беларускага свабоднага тэатру Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой, аб’ядноўвае актораў, оперных спевакоў і музыкаў з Украіны і Беларусі, многія з якіх уцяклі ад вайны ці дыктатуры.

Беларускі свабодны тэатр – адзіны тэатр у Еўропе, забаронены ўрадам з палітычных матываў. Ён працуе ў выгнанні. Большасць актораў тэатру жыве ў Польшчы.

Цягам апошніх 18 гадоў Беларускі свабодны тэатр паставіў больш за 50 спектакляў у падтрыманне і абарону дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды творчасці.

«Паслядзяцінства. Паслябегства»: акторы-бацькі ўзрушылі дзяцей да слёз

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны