У Беларусі стала прасцей уладкавацца на працу замежным лекарам, медсёстрам, ветэрынарам, кіроўцам. Першая намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка распавяла, як будзе ўмацоўвацца нацыянальны рынак працы праз прыцягненне кадраў з-за мяжы.
Міністэрства працы адзначае дэфіцыт кадраў у Беларусі, аднак звязвае гэта з ростам эканомікі і стварэннем новых працоўных месцаў, а зусім не з масавым ад’ездам з краіны кваліфікаваных спецыялістаў.
«З боку наймальнікаў гэта дае магчымасць выбару на рынку працы кожнаму, хто жадае знайсці ці змяніць працу, рэалізаваць сябе, у тым ліку і замежнаму грамадзяніну», – сказала Наталля Паўлючэнка падчас паседжання секцыі № 1 беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму, якое прайшло 5 верасня на базе ААТ «БелАЗ» у Жодзіне.
У перыяд са студзеня да жніўня 2023 года ў Беларусі працавалі 34 тысячы замежнікаў, з іх каля 1 тысячы – грамадзяне Узбекістану. Асноўная частка замежнікаў занятая ў паслугах і вытворчасці.
Намесніца міністра распавяла пра прынятую ў 2023 годзе новую рэдакцыю закону «Аб вонкавай працоўнай міграцыі», якая спрашчае замежнікам доступ да рынку працы ў Беларусі. Новы закон уводзіць для 17 катэгорыяў замежнікаў апавяшчальны прынцып замест атрымання адмысловага дазволу. Цяпер наймальнікі цягам трох дзён проста паведамляюць у падраздзяленні ў справе грамадзянства і міграцыі пра заключэнне працоўнай дамовы з замежнікам замест таго, каб атрымліваць дазвол на прыём на працу.
Акрамя таго, у абноўленым законе ўтрымліваецца спіс працоўных прафесіяў і пасадаў дзяржслужбоўцаў, на якія могуць наймацца замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства, якія не маюць дазволу на сталае жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. На сённяшні момант у спісе пералічваюцца пяць працоўных прафесіяў і пяць пасадаў дзяржслужбоўцаў. Сярод прафесіяў – кіроўца аўтамабіля, слесар-рамонтнік, швачка, лекар-ветэрынар, лекар-спецыяліст, медсястра.
МУС зазначае, што гэты новы механізм аказаўся вельмі запатрабаваным сярод наймальнікаў. Да канца года спіс плануецца пашырыць. Ён будзе дзеяць і ў 2024 годзе.
Станам на пачатак верасня 2023 года ў Агульнарэспубліканскім банку вакансіяў размешчаныя каля 130 тысяч вакансіяў. З пачатку года колькасць вакансіяў вырасла роўна на траціну, або на 31 796 незанятых месцаў працы. У параўнанні з 1 жніўня 2020 года колькасць вакансіяў у Беларусі вырасла на 52 710, або на 70,8 %.
Напрыканцы жніўня Белстат паведамляў, што ў ліпені ў беларускай эканоміцы былі занятыя 4 147 000 асобаў. Гэта на тысячу меней, чымся было ў чэрвені. Ад пачатку года Беларусь страціла 26 000 працаўнікоў.
Недахоп кадраў звязваюць з палітычным крызісам у Беларусі і саўдзелам рэжыму ў расейскай вайне ва Украіне, што выклікала масавую эміграцыю з краіны спецыялістаў.
Пры гэтым у Беларусі таксама вялікая доля тых, хто быў звольнены з працы з палітычных прычынаў і каму пасля было забароненае працаўладкаванне.
Марыя Міхалевіч belsat.eu