Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў

6 кастрычніка стала вядома, што ўлады ў Менску могуць забраць у вернікаў касцёл Святых Сымона і Алены, больш вядомы як Чырвоны касцёл. З гэтай нагоды карэспандэнты «Белсату» вырашылі згадаць гісторыю самай знакамітай святыні Менску – часам даволі трагічную.

Чырвоны касцёл у Менску, Беларусь. 1958 год. Фота: Іваноў Н.А.

Пасля акупацыі Беларусі Расейскай імперыяй, а тым больш пасля здушэння вызвольных паўстанняў расейскія ўлады забаранілі будаўніцтва ў краі новых каталіцкіх святыняў. З ініцыятываю паставіць новы касцёл менчукі-каталікі выступілі ў 1897 годзе, але атрымалі дазвол толькі праз восем гадоў – у 1905-м: будаўніцтву новай бажніцы актыўна супраціўляліся свецкія і праваслаўныя ўлады Расейскай імперыі.

Усе выдаткі на будаўніцтва ўзяў на сябе вядомы грамадска-палітычны дзеяч Эдвард Вайніловіч, які паставіў умовай, каб касцёл назвалі ў гонар ягоных дзяцей, Сымона і Алены, якія памерлі ў юнацтве. Новы касцёл быў асвячоны і адчыніў свае дзверы парафіянам у 1910 годзе.

Цяжкія часы для касцёлу наступілі з прыходам бальшавіцкай улады. У 1923 годзе яго разрабавалі: вывезлі мэблю, гадзіннікі, абразы, посуд, бялізну і нават чарніліцы, а званы з вежаў былі скінутыя. Перад гэтым у 1922 годзе вернікі змаглі вывезці ў Беласток кніжны фонд касцельнай бібліятэкі. Тым не менш, багаслужбы ў касцёле працягваліся.

Канчаткова Чырвоны касцёл савецкія ўлады зачынілі ў 1932 годзе, прыстасаваўшы будынак пад памяшканне Польскага тэатру БССР. Тады ж з касцёлу скінулі крыжы. Пасля пачатку рэпрэсіяў супраць польскай меншасці ў 1937 годзе ў касцёле размясцілася кінастудыя «Савецкая Беларусь».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў урачыстую імшу ў чырвоным касцёле. Менск, Беларусь. 25 снежня 2020 года. Фота: Белсат

Імшы аднавіліся ў касцёле ў 1941 годзе, ужо за нямецкай акупацыяй. Але пры гэтым нацысты рэпрэсавалі святароў, якія служылі ў гэтай бажніцы. У 1941 годзе быў забіты пробашч Станіслаў Глякоўскі, а ў калядную вігілію 1942 года з Чырвонага касцёлу забралі і забілі ў Трасцянцы ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, аднаго з былых лідараў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Некаторыя, напрыклад, ксёндз Адам Пучкар-Хмялеўскі, скончылі сваё жыццё яшчэ раней у савецкім ГУЛАГу.

З вяртаннем савецкай улады касцёл зноў зачынілі, вярнуўшы ў яго кінастудыю «Савецкая Беларусь». А ў 1960-х гадах будынак увогуле хацелі ўзарваць, паставіўшы замест святыні кінатэатр. Але ў выніку пратэстаў творчай інтэлігенцыі і паралельных зменаў рэспубліканскіх уладаў БССР касцёл застаўся стаяць. У ім змясцілі Дом кіно, кавярню і музей. Менавіта ў Доме кіно ў 1988 годзе адбыўся арганізацыйны сход будучага Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне».

У 1986 годзе менскія каталікі стварылі ініцыятыўную групу, якая патрабавала вяртання Чырвонага касцёлу вернікам. І ў 1990 годзе Менгарвыканкам пастанавіў вярнуць будынак вернікам. Пробашчам адноўленай парафіі стаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, які кіруе ёю да сёння. Першую імшу ў вернутым будынку 21 лістапада адслужыў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. З таго часу пачалася і рэстаўрацыя Чырвонага касцёлу. Вярнулі ў яго ў 2006 годзе і цела фундатара Эдварда Вайніловіча, які памёр у 1928 годзе ў Польшчы.

Тым не менш, будынак не аформлены як уласнасць парафіі, а перададзены ёй на ўмовах бязвыплатнага карыстання. У 2013 годзе святыню замацавалі для гаспадарчага вядзення за прадпрыемствам «Менская спадчына». У 2020 годзе арганізацыя выставіла вялікія рахункі Чырвонаму касцёлу. На той час ад вернікаў патрабавалі каля 166 тысячаў рублёў як падатак на зямлю і аплату амартызацыі за карыстанне будынкам. З таго часу сума толькі вырасла, бо кожны месяц ад парафіі патрабавалі плаціць яшчэ па 13 тысячаў рублёў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаночы «ланцуг салідарнасці» каля чырвонага касцёлу, у якім падчас мітынгу 26 жніўня АМАП заблакаваў сотню чалавек. Менск, Беларусь. 27 жніўня 2020 года. Фота: Белсат

Пры гэтым парафія была пазбаўленая «права на атрыманне падатковых ільготаў на выплату зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, гарантаваных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».  Пасля петыцыі вернікаў і заявы каталіцкіх уладаў Беларусі гэтае пытанне пэўны час не ўздымалася.

Ціснулі ўлады на парафію і фізічна. Падчас пратэстаў 2020 года 26 жніўня АМАП пачаў разганяць людзей каля Чырвонага касцёлу і зачыніў дзверы ў святыню, нікога не запускаючы і не выпускаючы. Нягледзячы на гэта, 9 верасня ў касцёле з узрушлівай і натхняльнай прамовай выступіў біскуп Юрый Касабуцкі.

Вось цяпер, праз два гады, пры загадкавых акалічнасцях улады пастанавілі зачыніць касцёл. 26 верасня, паводле афіцыйнай версіі, у бажніцы здарыўся пажар, пасля чаго ўлады зачынілі яе і не пускалі ўнутр нават святароў – нібыта з прычынаў бяспекі. 6 кастрычніка стала вядома, што касцёл зусім могуць забраць у вернікаў.

«Гэта скандал». Чырвоны касцёл у Менску высяляюць. Што адбываецца?

Макар Мыш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны