Расейскія ракеты пашкодзілі мастацкі музей у Адэсе, аднесены да спадчыны ЮНЭСКО

У ноч з 5 на 6 лістапада расейскія войскі атакавалі Украіну 22 ударнымі дронамі і чатырма ракетамі рознага тыпу, украінскія абаронцы знішчылі 15 беспілотнікаў і адну ракету Х-59. Пра гэта паведамілі Паветраныя сілы ЗСУ.

Адэскі нацыянальны мастацкі музей. Фота: Олег Кіпер / Одеська ОДА (ОВА) / Telegram

Было выпушчана па адной кіраванай авіяракеце Х-31 і Х-59 з паветранай прасторы акупаванай часткі Херсоншчыны, а таксама былі выпушчаныя супрацькарабельная ракета П-800 «Онікс» і балістычная ракета «Іскандэр-М» з тэрыторыі акупаванага Крыму. Апроч таго, з Крыму былі запушчаныя 22 ударныя БПЛА «Shahed-136/131».

Украінскія сілы, як заяўляецца, знішчылі 15 беспілотнікаў і ракету Х-59.

Адэскі нацыянальны мастацкі музей. Фота: Олег Кіпер / Одеська ОДА (ОВА) / Telegram

Сілы абароны поўдня Украіны паведамілі, што дзве ракеты трапілі ў цэнтр Адэсы і ў закансерваваны прамысловы будынак. Выбухная хваля знявечыла некалькі шматпавярховых жылых дамоў, у тым ліку музей у гістарычнай частцы гораду, аднесены да спадчыны ЮНЭСКО. Як заявіў мэр Адэсы Генадзій Труханаў, «трохі туды, трохі сюды і маглі б мы пазбавіцца многіх нашых узораў, экспанатаў, вельмі вядомых на ўвесь свет».

Дроны ж атакавалі прыпартовую інфраструктуру Адэсы. Былі пашкоджаныя складскія памяшканні, разгрузная спецтэхніка, аўтамабілі са збожжам.

Таксама ракета Х-31 трапіла ў Херсон, дзе пашкодзіла пяціпавярховы дом.

У выніку начнога ўдару па Адэсе раненні атрымалі 8 мясцовых жыхароў, паведаміў кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпэр. Пяцёра параненых шпіталізаваныя.

Расейская ракета разбурала галоўны праваслаўны храм Адэсы. Яго асвячаў патрыярх Кірыл

Уначы 23 ліпеня падчас расейскага абстрэлу Адэсы ракета трапіла ў Спаса-Праабражэнскі кафедральны сабор Украінскай праваслаўнай царквы. У выніку былі часткова разбураныя будынак сабору, перакрыцце трох ніжніх паверхаў, а таксама значна пашкоджанае ўнутранае аздабленне і абразы. Таксама цалкам знішчаныя службовыя памяшканні ніжняй часткі сабору.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны