У Беларусі зарэгістравана больш за 140 выпадкаў адру ў 2023 годзе. Рост захворвальнасці пачаўся ў лістападзе – зарэгістравана больш за 90 выпадкаў, распавядае Міністэрства аховы здароўя.
74 % усіх хворых былі не прышчэпленыя, альбо не маюць звестак пра вакцынацыю ў анамнезе. Сярод хворых дзяцей 90 % былі не прышчэпленыя, бо яны яшчэ не дасягнулі ўзросту вакцынацыі альбо не зрабілі прышчэпкі з-за адмовы бацькоў.
«Ва ўзроставай структуры хворых дзеці (0–18 гадоў) складаюць 48 % (больш за 40 % дзеці да 1 года), у структуры дарослых пацыентаў 37 % – гэта ўзрост 20–49 гадоў.
На бягучы момант можна казаць аб наяўнасці практычна імгненнага распаўсюджвання віруса сярод не прышчэпленых асобаў. Спецыялістамі рэгіструюцца адзінкавыя заносы інфекцыі ў паліклінікі, дзённыя стацыянары і ўстановы адукацыі», – распавядае прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Як пазбегнуць хваробы?
Метадаў спецыфічнага лячэння адру не існуе, але захворванне можна перадухіліць пры дапамозе вакцынацыі.
«Вакцыны супраць адру валодаюць высокай эфектыўнасцю. Пасля ўвядзення адной дозы вакцыны, якая змяшчае адравы кампанент, у больш як 95 % прышчэпленых фармуецца даўгачасная імунная абарона арганізму, пасля ўвядзення другой дозы эфектыўнасць дасягае практычна 100 %. Такім чынам, для забеспячэння працяглай абароны патрабуецца дзве дозы вакцыны», – падкрэслівае Міністэрства аховы здароўя.
У Беларусі дзецям робяць прышчэпкі супраць адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі ва ўзросце 12 месяцаў і 6 гадоў.
Медыкі рэкамендуюць беларусам ад 18 гадоў і старэйшым:
– удакладніць свой прышчэпачны статус супраць адру ў тэрытарыяльнай паліклініцы, амбулаторыі або НАПе;
– зрабіць прафілактычныя прышчэпкі супраць адру, калі адсутнічаюць звесткі пра вакцынацыю супраць адру, аб перанесеным адры, аб выніках сералагічных даследаванняў крыві, якія пацвярджаюць наяўнасць ахоўных узроўняў IgG-антыцелаў да віруса адру, або калі ёсць дакументальныя звесткі толькі аб адной прафілактычнай прышчэпцы супраць адру.
Нягледзячы на тое, што Мінздароўя заклікае рабіць прышчэпкі, у Беларусі есць вялікая праблема з доступам да іх. «Белсат» даведаўся, што дэфіцыт назіраецца ўжо год.
Арсен Рудэнка belsat.eu