У Расеі забіты былы ўкраінскі дэпутат Ілля Ківа

6 снежня быў забіты былы ўкраінскі дэпутат Ілля Ківа. Па факце забойства Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэту па Падмаскоўі завяло крымінальную справу. Украінскія СМІ сцвярджаюць, што гэта была спецаперацыя СБУ.

Ілля Ківа дае інтэрв’ю беларускім прапагандыстам за некалькі гадзін да сваёй смерці. Фота: скрыншот з відэа / tvr.by

Цела былога дэпутата было знойдзенае ў вёсцы Супонева Адзінцоўскага раёна.

Згодна з паведамленнем прадстаўніка упраўлення Следчага камітэту Падмаскоўя Вольгі Врадзій, невядомы стрэліў у пацярпелага з неўсталяванай зброі, ад атрыманых раненняў мужчына сканаў на месцы. Асоба забітага ўсталяваная, гэта Ілля Ківа.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Mash», цела ляжала на снезе на тэрыторыі паркавай зоны гатэля «Величъ Country Club», што знаходзіцца ў вёсцы Супонева ў Маскоўскай вобласці. На скроні забітага рэзаная рана, а на левай частцы твару.

Украінскія СМІ, спасылаючыся на крыніцы ў праваахоўных органах, кажуць пра тое, што «ліквідацыя топавага здрадніка, калабаранта і прапагандыста Іллі Ківы – спецаперацыя СБУ. Злачынцу ліквідавалі са стралковай зброі».

Гэта ж пацвердзіў прэс-сакратар ГУР Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў:

«Так, можам пацвердзіць, што Ківа – усё, і такая доля напаткае і іншых здраднікаў Украіны, а таксама шпіёнаў пуцінскага рэжыму», – адзначыў Юсаў.

Ілля Ківа ўцёк з Украіны за месяц да поўнамаштабнага расейскага ўварвання. У дзень пачатку вайны ён у эфіры расейскага тэлебачання заявіў, што Украіна зняволеная і «пастаўленая на калені Захадам, прасякнутая нацызмам, і ў ёй няма будучыні» і што ўкраінскаму народу «патрэбнае звальненне».

У сакавіку Ківа быў абвешчаны ўкраінскім судом у міжнародны вышук. Сам Ківа звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з адкрытым лістом, у якім прасіў даць яму расейскае грамадзянства і палітычны прытулак.

Іллю Ківу выкарыстоўвала ў сваіх мэтах не толькі расейская, але і беларуская прапаганда. Так, апошні раз да ягоных паслугаў беларускае тэлебачанне звярталася менавіта 6 снежня, у дзень забойства, дзе ён каментаваў унутрыпалітычную сітуацыю ва Украіне, негатыўна выказваючыся пра прэзідэнта краіны Уладзіміра Зяленскага.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны