Дзень нараджэння за кратамі і пакаранне за каментары. Хронікі пераследу 7 студзеня

Палітвязні ў Беларусі сустракаюць Дні народзінаў за кратамі і знаходзяцца ў ізаляцыі, пакуль сілавікі набіраюць усё новых і новых закладнікаў. Але ёсць тыя, каму вы можаце дапамагчы і падтрымаць. «Белсат» працягвае адсочваць рэпрэсіі ў Беларусі і расказвае, што адбылося 7 студзеня.

Бела-чырвона-белы сцяг з прозвішчамі беларускіх палітвязняў, які зрабіла журналістка «Белсату» Марыя Грыц. Фота: асабісты архіў Марыі Грыц

У Горадні сілавікі затрымалі мужчыну за каментары, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». На відэа, якое знятае пад прымусам, затрыманы кажа, што пакідаў абразлівыя каментары пра Лукашэнку і супрацоўнікаў міліцыі.

Жыхара Браслаўшчыны пакаралі 10 суткамі арышту за тое, што ў 2020 годзе ён хацеў ведаць апошнія навіны і падпісаўся на рэсурсы, якія пазней улады палічылі экстрэмістскімі.

«Суд вырашыў, што падпіска на іх зроблена з мэтамі распаўсюду «экстрэмізму»», – пішуць праваабаронцы.

Палітвязень Мікалай Бібліс 7 студзеня сустракае Дзень народзінаў за кратамі. Ён пакараны па гучнай справе ініцыятывы «Буслы ляцяць». У верасні 2022 года яму прызначылі 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 300 базавых велічынь, нагадваюць праваабаронцы.

Мікалая абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. 30 лістапада 2021 года Вярхоўны суд прызнаў аб’яднанне «Супраціў», у якое ўваходзіць групоўкі «Кібер-партызаны», «Дружина народной самообороны – ДНС» і «Буслы ляцяць», тэрарыстычным.

Цяпер палітвязень адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі № 1. Мікалаю споўнілася 27 гадоў.

Падтрымаць Мікалая можна лістамі і паштоўкамі па адрасе: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Мікалай Уладзіміравіч Бібліс.

Палітзняволены старшыня БНФ Рыгор Кастусёў 1000 дзён знаходзіцца за кратамі. Яго затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Шклове. Кастусёў пакараны 10 гадамі калоніі нібыта за спробу забойства Лукашэнкі.

У палітвязня ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем. У яго выявілі анкалагічнае захворванне, таксама ён пакутуе ад варыкозу без нармальнай медычнай дапамогі.

Што кажуць людзі, якіх у эфіры БТ абвінавацілі ў замаху на Лукашэнку

Вы можаце дапамагчы

Былы палітвязень 36-гадовы Максім Сілюк з Берасця быў вымушаны уцякаць за мяжу, каб у другі раз не апынуцца ў зняволенні і з жоўтай біркай на грудзях, расказвае гісторыю мужчыны «Берасцейская Вясна». Цяпер Максім таксуе ў Польшчы. Сябры дапамаглі яму ўладкавацца на працу і прытулілі ў сябе.

«Пасля Максім зняў кватэру, на першы месяц і каўцыю атрымаў дапамогу ў суме 3000 злотых. Ён забраў з Беларусі 15-гадовага сына і з ім, як сказаў Максім, разам змагаюцца.

Але сітуацыя дастаткова цяжкая. Пасля калоніі пасыпаліся зубы, моцна хварэе мачавая сістэма, якая без лячэння не спраўляецца. Страўнік і кішэчнік паціху ўзнаўляюцца самі. А вось з мачавой сістэмай бяда. Кажа, што гэта ад таго, што ў прыбіральню хадзіў не тады, калі хацелася, а тады, як дазвалялі. На гэтую хваробу пакутуе шмат вязняў, кажа Максім», – працягваюць праваабаронцы.

Паводле Максіма, пакуль грошай, якія ён зарабляе, на многія неабходныя патрэбы не хапае. Таму ён вельмі просіць дапамогі. Падтрымаць яго можна тут.

Максім Сілюк з Берасця. У 2020 годзе ён працаваў у Маскве. Але на выбары прыехаў у Берасце і падтрымаў супраціў. Ён быў пакараны 2 гадамі і 6 месяцамі калоніі. 1 лютага 2023 года мужчына вызваліўся, адбыўшы тэрмін цалкам. А месяцы таму прыехаў у Польшчу.

Палітзняволеныя Марфа Рабкова і Наста Лойка сустрэлі дзень нараджэння за кратамі

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны