Расея нанесла ўдар па Пакроўскім раёне Данецкай вобласці. Сярод загінулых – пяцёра дзяцей

Увечары 6 студзеня Расея абстраляла ракетамі С-300 Пакроўскі раёне Данецкай вобласці. Загінулі 11 чалавек, з іх – 5 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 17 гадоў, паведаміў кіраўнік Данецкай АВА Вадзім Філашкін.

Наступствы ўдару па Пакроўску. Фота: Вадзім ФІлашкін / Telegram

«Расейцы ўдарылі па раёне ракетамі С-300, забілі 11 чалавек і паранілі яшчэ 10. Асноўны ўдар прыйшоўся па Пакроўску і Роўна Мірнаградскай грамады», – распавёў Філашкін.

Пра абстрэл у Пакроўску выказаўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Ракеты С-300. Задзейнічаныя неабходныя ратавальныя сілы, тэхніка ДСНС Украіны. Разбіраюць завалы. <…> вядома пра гібель больш 10 чалавек, і сярод іх – дзеці, на жаль… Мае спачування ўсім, хто страціў родных і блізкіх. Удар расейцаў быў проста па звычайнай жыллёвай забудове, па прыватных будынках», – заявіў Зяленскі.

У ноч на 7 студзеня ўкраінская СПА знішчыла 21 расейскі беспілотнік, паведамілі Паветраныя сілы Украіны. Агулам у гэтую ноч расейцы атакавалі Украіну 28 дронамі тыпу «Shahed-136/131» і трыма зенітнымі ракетамі С-300. Асноўнымі кірункамі ўдару былі поўдзень і ўсход.

Рэкордную колькасць «шагэдаў» – 90 штук – Расея выпусціла па Украіне ў навагоднюю ноч. Тады загінулі некалькі чалавек, сярод іх – 15-гадовы падлетак.

У выніку атакі, здзейсненай расейскімі войскамі па тэрыторыі Украіны 29 снежня, загінула больш за 30 чалавек, больш за 160 – параненыя. 1 студзеня МУС Украіны паведаміў, што колькасць загінулых у Кіеве ў выніку атакі 29 снежня вырасла да 28 чалавек.

Пазіцыйныя баі і лакальныя змены па фронце. Што адбываецца ва Украіне?

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны